Міхаіл Саакашвілі страціў прытомнасьць на 49-ы дзень галадоўкі
Былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які абвесціў галадоўку, страціў прытомнасць пасля сустрэчы з адвакатамі ў турэмным шпіталі. Пра гэта журналістам заявіў яго адвакат Бека Басілая.
Паводле слоў Басілая, пасля гэтага палітыка вынеслі з
памяшкання на насілках. Пазней ён паведаміў, што стан былога прэзідэнта
стабілізаваўся. «Не магу рабіць медыцынскіх ацэнак, але ён быў у вельмі цяжкім
стане», — заявіў адвакат.
Саакашвілі трымае галадоўку з першага кастрычніка. Спачатку
ён патрабаваў спыніць свой крымінальны пераслед. Цяпер — перавесці яго ў
цывільны шпіталь з турэмнага. Палітык быў арыштаваны па прыбыцці ў Грузію, дзе
завочна асуджаны па дзвюх крымінальных справах. Зараз у краіне пачаўся яшчэ
адзін суд, дзе ён — абвінавачаны.
Апазіцыя заяўляе, што пераслед палітыка мае выключна
палітычны характар. У падтрымку Саакашвілі галадаюць 10 дэпутатаў парламента і
адзін з лідараў апазіцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух».
Да яго вызвалення заклікалі шэраг дэпутатаў Еўрапарламента і былыя прэзідэнты Латвіі і Украіны. Каб вызваліць былога прэзідэнта, указ аб яго памілаванні павінна падпісаць прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Яна некалькі разоў заяўляла, што рабіць гэтага не будзе.
Паводле «Свабоды».