Міністэрства юстыцыі Украіны зарэгістравала беларускую «Пагоню». Яе ўзначаліў Віталь Гуркоў

Ва Украіне сёння зарэгістравана грамадскае аб'яднанне «Пагоня». Адзін з яго заснавальнікаў — аднайменны полк.

Віталь Гуркоў. Фота: facebook.com/brutto.official

Віталь Гуркоў. Фота: facebook.com/brutto.official


Міністэрства юстыцыі Украіны зарэгістравала грамадскае аб'яднанне «Пагоня». Яго заснавальнікамі выступілі беларусы, якія стала пражываюць ва Украіне, а таксама байцы аднайменнага беларускага палка, які змагаецца на баку Украіны супраць Расіі.
Дырэктарам аб'яднання назначаны вядомы беларускі спартсмен, шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Віталь Гуркоў.
Мэтай стварэння грамадскага аб'яднання з'яўляецца «падтрымка беларускага добраахвотніцкага руху ва Украіне», а таксама «кансалідацыя беларускай дыяспары для вызвалення Украіны і Беларусі ад Расii».
Паведамляецца таксама, што неўзабаве новастворанае аб'яднанне пачне запрашаць да супрацы патэнцыйных чальцоў арганізацыі і партнёраў.
Нагадаем, у кастрычніку полк «Пагоня» заявіў, што збіраецца стварыць спартыўна-патрыятычнае таварыства, у якое павінны ўвайсці «беларускія ваяры, вядомыя спартсмены і грамадскія дзеячы». Хутчэй за ўсё зарэгістраваная сёння арганізацыя і ёсць гэтае самае таварыства.
Яшчэ раней прадстаўнік па абароне Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык абвясціў пра стварэнне «Паспалітага Рушэння» — нацыянальнай спартыўна-адукацыйнай арганізацыі, якая павінна спрыяць «аб’яднанню беларусаў з мэтай абароны незалежнасці Беларусі і ўзнаўлення законнасці на тэрыторыі нашай краіны». «Паспалітае Рушэнне» будзе складацца з харугваў, кожная з якіх належыць пэўнаму гораду. Ці звязаныя паміж сабою ініцыятывы палка «Пагоня» і Аб'яднанага пераходнага кабінета, пакуль невядома.