Міністр унутраных справаў Украіны: Следства вызначылася з версіяй смерці Віталя Шышова

Міністр унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што следства ў справе пра смерць прадстаўніка «Беларускага дому ва Украіне» Віталя Шышова ўжо вызначылася з версіяй трагедыі. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

86a8f6d6_ded1_4da4_a34c_6cd213483d5f_w1597_n_r1_st.jpg

Пра гэта Дзяніс Манастырскі заявіў у інтэрв'ю агенцтву «Інтерфакс-Україна», адказваючы на пытанне, ці зразумела ўжо, што гэта было — самагубства ці забойства.
«Для следства ўжо зразумела, але няхай усё ж скажа само следства», — сказаў міністр. Ён не адказаў на пытанне, ці звярталіся па дапамогу ў гэтай справе да беларускіх сілавых структур.
Паводле яго, экспертызы ўжо завершаныя. «Магу сказаць, што паліцыя цяпер далучыла міжнародных экспертаў для рэцэнзій высноў атрыманых экспертыз. Калі будуць атрыманыя (іх) высновы, мы абвесцім інфармацыю, якая ёсць».
Раней следчыя паведамілі, што ў справе пра смерць Віталя Шышова пацярпелым бокам прызналі яго блізкага сваяка, якому дазволяць азнаёміцца з матэрыяламі расследавання, а да правядзення экспертыз далучылі міжнародных спецыялістаў з Літвы.
Адзін з заснавальнікаў «Беларускага дома ва Украіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся з Беларусі ўвосень 2020 года. Паводле сяброў, ранкам ён, як звычайна, пайшоў на прабежку і не вярнуўся. Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Святошынскім парку Кіева непадалёк ад яго дому.
У паліцыі назвалі дзве асноўныя версіі гібелі беларуса: самагубства і забойства з імітаваннем самагубства.
Каментуючы справу пра забойства журналіста Паўла Шарамета, Дзяніс Манастырскі паведаміў, што не знаёміўся з матэрыяламі гэтай справы. «У міністра ёсць шмат інфармацыі, але глядзець матэрыялы крымінальнай вытворчасці ён не мае права. Справа знаходзіцца ў судзе, і па гэтым пытанні рашэнне павінен ухваліць суд. Іншага шляху няма».
Паводле міністра, следства вывучае ўсе версіі, у тым ліку і магчымы беларускі след. «Пакуль што ўсё гэта вывучаецца, адбываюцца дадатковыя следчыя дзеянні, але я хацеў бы казаць пра іх толькі пасля таго, як будзе рашэнне ў дачыненьні да выканаўцаў».
Дзяніс Манастырскі ўдакладніў, што зрухі ў расследаванні справы пра заказчыкаў забойства журналіста могуць быць толькі пасля рашэньня суда ў дачыненні да выканаўцаў злачынства.
Беларускі, рускі і ўкраінскі журналіст, выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 года ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.
Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве беларускага журналіста назвалі 12 снежня 2019 года на брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Украіны. На наступны дзень пасля брыфінгу ўсіх трох падазраваных затрымалі:
Андрэй Антоненка. Музыка, добраахвотнік, службовец Сілаў спецыяльных аперацый Узброеных сілаў Украіны. Сёлета ў красавіку вызвалены пад хатні арышт пасля таго, як 505 дзён адседзеў у следчым ізалятары.
Юлія Кузьменка. Хірург-кардыёлаг, вайсковая лекарка, працавала ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. Вызваленая пад хатні арышт у жніўні 2020-га, адседзела ў СІЗА больш за 7 месяцаў.
Яна Дугар. Вайсковая медсястра. Ад пачатку ўтрымлівалася пад начным хатнім арыштам, а летась суд зняў з яе і электронны бранзалет (дапамагае дыстанцыйна адсочваць усе перамяшчэнні асобы, у дачыненні да якой праводзіцца следства).
Усе трое адхіляюць сваю датычнасць да забойства. З верасня 2020 года іх справу разглядае суд. Справу аб арганізатарах, заказчыках і механізмах выканання злачынства іншымі саўдзельнікамі выдзелілі ў асобнае вядзенне ў чэрвені 2020 года. Яе дагэтуль расследуюць.