«Міжнародны Мемарыял» абскардзіў рашэнне па ліквідацыі

Апеляцыйную заяву на пастанову Вярхоўнага суда РФ аб ліквідацыі «Міжнароднага Мемарыяла» юрысты арганізацыі накіравалі ў калегію суддзяў ВС РФ 28 студзеня.

memaryjal_1.jpg


Гісторыка-асветніцкае, дабрачыннае і праваабарончае таварыства «Міжнародны Мемарыял» падало апеляцыйную скаргу на вынесенае 28 снежня 2021 года рашэнне Вярхоўнага суда (ВС) РФ аб ліквідацыі арганізацыі за наяўныя, на думку суда, парушэнні закона аб «замежных агентах». Пра падачу апеляцыі ў калегію суддзяў ВС РФ паведамляецца на сайце арганізацыі ў панядзелак, 31 студзеня, з указаннем, што сама заява была пададзеная з захаваннем тэрміну.
Раней, у дзень абвяшчэння рашэння Вярхоўнага суда РФ па ліквідацыі «Міжнароднага Мемарыяла», сябра праўлення падраздзялення арганізацыі ў Германіі Вера Амер (Vera Ammer) паведаміла, што абарона мае намер абскардзіць гэтае рашэнне на працягу адведзенага для гэтага месяца — гэта значыць, да 28 студзеня.

Довады абароны «Міжнароднага Мемарыяла»

У «Міжнародным Мемарыяле» паказваюць, што ліквідацыя арганізацыі за адсутнасць маркіроўкі аб унясенні ў рэестр некамерцыйных арганізацый (НКА), якія выконваюць функцыі «замежнага агента», супярэчыць міжнародным абавязацельствам Расійскай Федэрацыі, а само заканадаўства аб НКА, парушэнне якога залічана «Мемарыялу», супярэчыць міжнародным дамовам.
Таксама адвакаты арганізацыі падкрэсліваюць, што «адсутнасць маркіроўкі "замежнага агента" не з'яўляецца грубым неаднаразовым парушэннем закона», паколькі не стварае рэальную пагрозу і не цягне за сабой прычыненне сур'ёзнай шкоды.
Ліквідацыя «Міжнароднага Мемарыяла» з'яўляецца несувымернай мерай рэагавання, лічаць у арганізацыі. «Суд першай інстанцыі не даў ацэнкі дзейнасці "Міжнароднага Мемарыяла", фактычна выдаліўшыся ад даследавання пытання аб сувымернасці ліквідацыі таго ўкладу, які ўнесла арганізацыя ў жыццё расійскага грамадства, і адмовіў у допыце сведак, якія маглі б паведаміць суду звесткі пра змест дзейнасці "Міжнароднага Мемарыяла"», — гаворыцца на сайце таварыства.
Яшчэ адзін аргумент абароны складаецца ў тым, што, выносячы рашэнне аб ліквідацыі, суд прыняў рашэнне аб правах і абавязках асоб, не прыцягнутых да ўдзелу ў адміністрацыйнай справе. Бо хадайніцтвы аб уступленні ў справу аднаго з заснавальнікаў арганізацыі, а таксама трох структурных падраздзяленняў «Міжнароднага Мемарыяла» суд адхіліў.

Крытыка рашэння ВС РФ аб ліквідацыі «Міжнароднага Мемарыяла»

Пасля вынясення Вярхоўным судом РФ рашэння аб ліквідацыі «Міжнароднага Мемарыяла» цэлы шэраг расійскіх і міжнародных праваабаронцаў, грамадскіх дзеячаў, журналістаў, палітыкаў і дыпламатаў раскрытыкавалі гэты крок.
У прыватнасці, былы пасол ФРГ у Расіі Эрнст-Ёрг фон Штудніц (Ersnst-Jörg von Studnitz) у інтэрв'ю «Deutsche Welle» назваў падобнае развіццё небяспечным для Расіі. «Бо калі ты адмаўляешся прызнаваць уласную гісторыю і хочаш замаўчаць благія рэчы, прывіды мінулага не сыдуць. Яны будуць абцяжарваць самаўспрыняцце, калі не сказаць сумленне, расіян. Я не хачу сказаць, што гэта небяспечная рэч з пункту гледжання замежнай палітыкі, аднак яна небяспечная для самой Расіі», — сказаў ён.
Паводле dw.com. Пераклад «НЧ».