Сяргей Лаўроў
У ходзе інтэрв'ю
Сяргей Лаўроў падкрэсліў, што расійскае кіраўніцтва не ставіць спецыяльных ваенных мэт да 9 траўня, а мэтай ваенных дзеянняў з'яўляецца абарона Л/ДНР ад "мілітарыстаў і нацыстаў". Інтэрв'юер звярнуў увагу Лаўрова на тое, што Зяленскі па нацыянальнасці з'яўляецца габрэем і дэнацыфікацыя ў гэтым кантэксце бессэнсоўная.
Лаўроў адказаў, што нібыта ўкраінскі бок і Зяленскі ўвесь час мяняюць пазіцыю на перамовах, а ў расейцаў ёсць доказы таго, што ва Украіне ідзе нацыфікацыя. На думку Лаўрова, на гэта ўказваюць татуіроўкі ў некаторых палонных.
«Ён высоўвае аргумент: якая ў іх можа быць нацыфікацыя, калі ён габрэй. Магу памыліцца, але ў А. Гітлера таксама была габрэйская кроў. Гэта абсалютна нічога не значыць. Мудры габрэйскі народ кажа, што самыя заўзятыя антысеміты, як правіла, габрэі. "У сям'і не без вырадка", як у нас кажуць», — сказаў Лаўроў (цытата па
транскрыпцыі на сайце МЗС РФ).
Гэтыя словы расійскага міністра не засталіся незаўважанымі ў Ізраілі. Кіраўнік МЗС краіны
Яір Лапід назваў выступленне Лаўрова абуральным. На яго думку, расійскі міністр праявіў "самы нізінны ўзровень расізму".
«Выказванні міністра замежных спраў РФ Лаўрова не толькі недаравальныя і абуральныя — яны таксама з'яўляюцца жудаснай гістарычнай памылкай. Габрэі не забівалі сябе падчас Халакосту. Абвінавачанне саміх габрэяў у антысемітызме — гэта самы нізінны ўзровень расізму ў дачыненні да габрэяў», — напісаў Лапід у твіце.
У падобным ключы выказаліся і іншыя прадстаўнікі ізраільскіх улад і грамадскасці. Старшыня праўлення мемарыяльнага комплексу «Яд ва-Шэм» Дані Даян ахарактарызаваў словы Лаўрова, як «вар'яцкія, небяспечныя і вартыя ўсялякага асуджэння».
«У сваіх адкрыта адчайных спробах апраўдаць расійскае ўварванне ва Украіну міністр замежных спраў Лаўроў звяртаецца да вельмі абразлівых аналогій і ілжывых параўнанняў. Гэтае злоўжыванне нацыстамі, Гітлерам і Халакостам павінна спыніцца», —
заявілі ў Антыдыфамацыйнай лізе (амерыканская габрэйская арганізацыя, якая супрацьстаяла антысемітызму).
Пазней МЗС Ізраіля распачаў і афіцыйныя крокі. У міністэрства выклікалі пасла Расіі ў Ізраілі
Анатоля Віктарава.
reform.by