На адным з асобнікаў «Першага фоліа» Шэкспіра знойдзены аўтограф Джона Мільтана

Адкрыццё кембрыджскага навукоўца Джэйсана Скота-Уорэна (Jason Scott-Warren) злучыла двух класікаў англійскай літаратуры: Шэкспіра і Мільтана. Скот-Уорэн сцвярджае, што на адным з асобнікаў «Першага Фоліа» Шэкспіра, што захаваўся да нашых дзён, маецца рукапісная пазнака, пакінутая рукой Мільтана.

shakespeare.jpg

«Першым фоліа» называюць зборнік шэкспіраўскіх п'ес, выдадзены ў Лондане ў 1623 годзе — праз сем гадоў пасля смерці аўтара. Выдаўцамі сталі акцёры шэкспіраўскай трупы Джон Хемінг і Генры Кондэл. У зборнік увайшлі 36 п'ес Шэкспіра з 38 вядомых. Асобнікі «Першага фоліа» ўтрымліваюць розначытанні, паколькі выпраўленні ў тэксты п'ес уносіліся ўжо ў працэсе друку. Гэты факт робіць «Першае фоліа» аб'ектам асабліва пільнай увагі шэкспіразнаўцаў. На дадзены момант вядома 322 асобнікі «Першага фоліа».
Адзін з асобнікаў у 1944 годзе атрымала ў дар Свабодная бібліятэка Філадэльфіі. У 2018 годзе ў зборніку «Early Modern English Marginalia» быў апублікаваны артыкул, які апісвае рукапісныя пазнакі невядомага ўладальніка на старонках гэтай кнігі. Калі Джэйсан Скот-Уорэн прачытаў гэты артыкул і разгледзеў фатаграфіі паметак, ён пазнаў добра знаёмы яму почырк знакамітага паэта Джона Мільтана (1608–1674). Пра сваё адкрыццё ён распавёў у блогу. З высновай Скота-Уорэна ўжо пагадзіўся шэраг спецыялістаў, у тым ліку і аўтар таго самага артыкула, прафесар Універсітэта штата Пенсільванія Клэр Боўрн (Claire M. L. Bourne).
Рассыпаныя па кнізе паметкі ўяўляюць сабой нешта накшталт рэдактарскай праўкі: замены асобных словаў і выразаў на тыя, што здаваліся аўтару паметак больш удалымі. Змененыя нават некаторыя назвы п'ес. Напрыклад, замест «Рамэа і Джульета» Мільтан, калі гэта быў ён, палічыў за лепшае напісаць «Джульета і Рамэа». Скот-Уорэн кажа, што Мільтан наўрад ці лічыў сябе таленавіцей Шэкспіра. Хутчэй за ўсё, ён імкнуўся выправіць тыя месцы, дзе, на яго думку, былі дапушчаныя памылкі пры выданні п'ес. «Мільтан — сапраўдны прыхільнік Шэкспіра, — дадае Скот-Уорэн. — Ён лічыць Шэкспіра бліскучым пісьменнікам і хоча, каб тэкст быў настолькі бліскучым, наколькі гэта магчыма».
Паводле Pro Science