На Фарэрскіх выспах забілі больш за 1400 дэльфінаў
Жыхары Фарэрскіх выспаў правялі традыцыйнае свята «паляванне на дэльфінаў», якое сваімі наступствамі і жорсткасцю ўскалыхнула грамадства і зоаабарончыя арганізацыі па ўсім свеце.
Паводле інфармацыі прыродаахоўнай арганізацыі «Sea Shepherd», ля ўзбярэжжа Фарэрскіх выспаў забіта 1428 атлантычных белабокіх дэльфінаў.
Паляванне праходзіла непадалёк ад вёскі Скалафіёрдур. Мясцовыя жыхары загналі чараду дэльфінаў на плыткаводдзе пры дапамозе катэраў і гідрацыкла, а затым усіх забілі. Тушы жывёл выцягнулі на бераг і раздалі.
«Гэтую чараду разумных млекакормячых, якія належаць адразу да некалькіх пакаленняў, гналі ў панічным жаху на адлегласць 25 міль. Кожны з дэльфінаў стаў сведкам гібелі членаў уласнай сям'і перад тым, як сам быў забіты паляўнічымі», — пішуць зааабаронцы.
Жыхары архіпелага лічаць мяса кітоў і дэльфінаў часткай свайго штодзённага рацыёну, а паляванне на іх — нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю.