На Кубе ўжо трэці дзень не сціхае пажар на нафтавым тэрмінале

У выніку пажару разбурыўся адзін з рэзервуараў для захоўвання нафты. Гэта найбуйнейшая экалагічная катастрофа на востраве за ўсе часы існавання дзяржавы.

Пажар на нафтавым тэрмінале Кубы. Фота: «Reuters»

Пажар на нафтавым тэрмінале Кубы. Фота: «Reuters»


Два дні таму на галоўным нафтавым тэрмінале Кубы загарэўся рэзервуар з сырой нафтай. Пажар не сціхае дагэтуль. Сёння ён перакінуўся на суседні рэзервуар, у выніку пашкоджанняў той разбурыўся, паведаміў мясцовы губернатар Марыё Сабінэс. Гэта найбуйнейшая аварыя ў нафтавай прамысловасці вострава за апошнія дзесяцігоддзі. Для таго, каб адолець полымя, Куба вымушаная была звярнуцца па дапамогу да Мексікі і Венесуэлы, але гэта не спрацавала.
Матансас з'яўляецца найбуйнейшым портам Кубы для прыёму сырой нафты і імпарту паліва. Кубінская цяжкая нафта, а таксама мазут і дызельнае паліва, якія захоўваюцца ў Матансасе, у асноўным выкарыстоўваюцца для выпрацоўкі электраэнергіі на востраве.
Сабінэс параўнаў сітуацыю з «алімпійскай паходняй», што пераходзіць ад аднаго рэзервуара да іншага, ператвараючы кожны ў «кацёл». Цяпер пажар ахоплівае тры рэзервуары, а полымя і чорны дым робяць вырашэнне сітуацыі складаным.