На «Міс Сусвет» ад Лаоса паедзе прыгажуня з беларускімі каранямі. Яе мама з Лельчыц
Пераможцай конкурсу «Міс Сусвет Лаос 2020» стала прыгажуня з беларускімі каранямі Крысціна Ласасіма. Аб гэтым паведамляецца ў прэс-рэлізе на афіцыйным сайце мерапрыемства.

Перамога ў конкурсе краіны, які праводзіўся віртуальна,
цяпер дае дзяўчыне права прадставіць Лаос на міжнародным узроўні — «Міс
Сусвет 2020», які павінен адбыцца 16 траўня ў горадзе Халівуд
амерыканскага штата Фларыда.
Для даведкі: гэтыя мерапрыемствы планавалася правесці ў 2020
годзе, аднак праз пандэмію каронавіруса яны былі перанесеныя на 2021-ы.
Як паведамляюць лаоскія СМІ, Крысціна Ласасіма нарадзілася ў
сталіцы краіны В'енцьяне, але мае беларускія карані. У прыватнасці, яе мама
пераехала сюды з Лельчыц Гомельскай вобласці.
Таксама вядома, што дзяўчына ўжо не ў першы раз становіцца
пераможцай конкурсаў прыгажосці: у свой час яна атрымала тытул «Міс Лаос 2012».
Затым працавала мадэллю ў Тайландзе.
Паводле «Беларусь і свет».