На Майдане прайшла «Ноч памяці», прысвечаная гадавіне разгону студэнтаў спецназам «Беркут»

У Кіеве на Майдане Незалежнасьці адбылася акцыя «Ноч памяці», прысвечаная гадавіне разгону спецназам «Беркут» студэнцкага Еўрамайдану ў ноч на 30 лістапада 2013 года.



a44e582d_5fbb_4e4b_af8b_3524fd79f4fe_w640_r1_s.jpg

На плошчы сабраліся некалькі тысяч чалавек, сярод тых, хто сабраўся, было шмат моладзі і студэнтаў. Як адзначае «Украінская праўда», яны ўсталявалі некалькі бочак, у якіх распалілі вагонь, што было мэтадам саграваньня падчас пратэстаў на Майдане.

Актывісты правялі на Майдане ўсю ноч. Удзел у акцыі прынялі вядомыя актывісты, палітыкі і журналісты: Ганна Гапко, Мустафа Найем, Руслана, Ігар Луцэнка, а таксама паслы Канады, Літвы і Эўразьвязу ва Ўкраіне.

Падчас мерапрыемства каля 50 чалавек зладзілі паходневае шэсьце да Міністэрства ўнутраных справаў Украіны, дзе запатрабавалі расьсьледаваць падзеі на Майдане ў мінулым годзе. Некаторыя актывісты абматалі галовы бінтамі з чырвонай фарбай, што сымбалізавала зьбітых студэнтаў, перадае агенцтва УНН.

Да раніцы каля 200 удзельнікаў акцыі адправіліся ў Міхайлаўскі сабор, за сьценамі якога год таму зьбітыя студэнты знайшлі прытулак. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка разам з жонкай прыйшлі ў Міхайлаўскі сабор, дзе ў сем гадзін раніцы пачалася малітва за Ўкраіну.

Як паведамляе агенцтва УНІАН, былы камісар Эўрапейскага Зьвязу па пытаньнях пашырэньня і палітыкі суседзтва Штэфан Фюлезьвярнуўся па skype да прысутных на майдане Незалежнасьці. Ён заявіў, што падзеі на Майдане былі пратэстам супраць ганарыстасьці той улады, якая думала, што не існуе адказнасьці.

www.svaboda.org