Лінкявічус: Супрацоўнiцтва не за кошт каштоўнасцяў
1 снежня ў Вільні праходзіць канферэнцыя «Рэгіянальная стабільнасць і мадэрнізацыя: выклікі і магчымасці ў адносінах паміж Беларуссю і Еўразвязам».
У яе рабоце бяруць удзел палітыкі, эксперты з Беларусі, Літвы, Нямеччыны. 1 снежня канферэнцыя адбываецца ў Вільні, 2-га – у Менску.
Месца правядзення канферэнцыі – Міністэрства замежных спраў Літвы. Сустрэчу адкрыў спадарЛінас Лінкявічус, міністр замежных спраў Літоўскай Рэспублікі. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства адзначыў: «Еўразвяз гатовы да супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі, але не за кошт каштоўнасцяў. Пытанне палітвязняў застаецца праблемай, якая перашкаджае рухацца наперад».
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў інтэрв'ю сайту ucpb.org адзначыў: «Вонкавыя чыннікі істотна ўплываюць на эканамічнае, фінансавае самаадчуванне Беларусі. Гэта шанец для ўсіх – для ўлады, прыхільнікаў пераменаў, міжнародных арганізацый – каб распачаць рэформы ў Беларусі. Але ці ёсць для гэтага палітычная воля? Мае перакананне – Чырвоны дом мае намер выкарыстаць адлігу ў адносінах з Захадам толькі для атрымання рэсурсаў і кансервацыі той палітычнай, эканамічнай мадэлі, якая адбудоўваецца вось ужо 20 гадоў.
Брусель зараз цалкам заняты Украінай i гатовы за паўкрок Лукашэнкі рабіць тры насустрач. Паступова ідзе працэс дэпалітызацыі дыялога з Менскам. Гэта стратэгічная памылка, якая не дае нават тактычных дывідэнтаў. Захад і, галоўнае, Беларусь, атрымалі б значна больш, каб эканамічнае, фінансавае супрацоўніцтва ўвязвалася з правядзеннем сумленных, свабодных выбараў».
Лідэр АГП аднак лічыць такія пляцоўкі для дыскусіі карыснымі i перспектыўнымі: «Усе ж лепш, калі гавораць людзі, a не аўтамат «Калашнікава».