Надзвычайнае становішча ў Турцыі працягнулі на тры месяцы
Рашэнне пра гэта прыняў кабінет міністраў краіны. Падоўжыць рэжым надзвычайнага становішча рэкамендаваў Нацыянальны савет бяспекі Турцыі.

Рэджэп Таіп Эрдаган
Рэжым надзвычайнага становішча ў Турцыі падоўжаны яшчэ на тры месяцы. Рашэнне пра гэта было прынята ў панядзелак, 3 кастрычніка, на пасяджэнні кабінета міністраў пад старшынствам прэзідэнта краіны Рэджепа Таіпа Эрдагана, паведамляе www.dw.com.
Рэкамендацыю падоўжыць рэжым надзвычайнага становішча па выніках пасяджэння ў Анкары 28 верасня выказаў Нацыянальны савет бяспекі. Прыняцце гэтага рашэння было чыстай фармальнасцю, адзначае агенцтва AFP.
Нагадаем, надзвычайнае становішча ў Турцыі тэрмінам на тры месяцы было ўведзена 20 ліпеня пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту. Яно дазваляе прэзідэнту і ўраду ўводзіць новыя законы без адабрэння парламента. Эрдаган тады заяўляў, што ўвядзенне надзвычайнага становішча адпавядае канстытуцыі краіны, і што ён як прэзідэнт і галоўнакамандуючы будзе працаваць разам з ваеннымі, каб вызваліць Турцыю ад "вірусу".