«Ні сядзець, ні жыць у Расеі не буду»: Саўчанка заявіла, што працягне галадаванне

Украінская лётчыца і народны дэпутат Надзея Саўчанка заявіла, што не кіне галадавання.



ai_179015_aux_head_20151118_nadezhda_savchenko_ap_360.jpg

Пра гэта распавяла чалец грамадскай назіральнай камісіі Растоўскай вобласці Валянціна Чэраваценка, якая пабывала разам са сваім калегам Уладзімірам Катасонавым 12 сакавіка ў Надзеі Саўчанкі ў СІЗА ў горадзе Новачаркаску, паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» расейская журналістка Вікторыя Іўлева.
Паводле яе слоў, стан Саўчанкі стабільны.
«Надзя пʼе ваду. Вага стаіць. Думаем, што арганізм, у якім быў высокі ўзровень абязводжання, цягам некалькіх дзён набіраў вадкасць. Можна сказаць, што адчувае сябе нармальна для чалавека, які трымае галадаванне», — напісала журналістка.
Ад медычнага агляду і ўльтрагукавога даследавання Саўчанка адмаўляецца, тэмпература і ціск, якія вымярае турэмны лекар двойчы ў содні, у яе ў норме. «Ваганняў ціску няма. Вага вымяраецца кожны дзень раніцай. На боль не скардзіцца. Аб прымусовым кармленні гаворка не ідзе», — адзначыла Чэраваценка.
Чэраваценка працытавала словы Саўчанкі «Я адсочваю сваё здароўе. Але хай усё разумеюць, што я не кіну галадавання, сядзець у гэтай краіне не буду, і жыць я тут не буду».
«На ложку ў яе былі раскладзеныя рознакаляровыя шнуркі, камплектамі па паўтара-два дзясяткі, і нешта яна з гэтага, верагодна, збіралася плесці, сказала, што гэты занятак надоўга. У камеры, акрамя тэлевізара, ёсць яшчэ і халадзільнік, і нават вентылятар. Рэдкая камера, адным словам! Прама амаль курорт, калі б не рашоткі на вокнах ды вочка ў дзвярах, ды начальнік СІЗА, які пастаянна прысутнічае пры наведванні», — адзначыла журналістка.
Надзею Саўчанку ў Расеі абвінавачваюць у забойстве двух расейскіх журналістаў, а таксама ў незаконным перасячэнні расейскай мяжы. Украінка і яе абарона аспрэчваюць абвінавачанні і заяўляюць, што на момант гібелі расейскіх журналістаў яе ўжо захапілі ў палон баевікі, якія затым прымусова пераправілі ў Расею. Саўчанку незаконна ўтрымліваюць у РФ з сярэдзіны лета 2014 года.
Саўчанка пачала сухую галадоўку ад 4 сакавіка ў знак пратэсту супраць таго, што расейскі суд адмовіў ёй у апошнім слове і адклаў пасяджэнне да 9 сакавіка.
10 сакавіка адзін з адвакатаў Марк Фейгін заявіў, што лётчыца спыніла сухое галадаванне, распачатае 4 сакавіка, нібыта на просьбу прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Пазней прэс-сакратар прэзідэнта Украіны паведаміў, што Парашэнка не адпраўляў ліст Саўчанцы з просьбай спыніць галадаванне. Адвакаты кажуць пра «беспардонную спецаперацыю, каб дыскрэдытаваць Надзею».
Украінскія медыкі з пачатку тыдня знаходзяцца ў Растове-на-Доне і чакаюць дазволу наведаць лётчыцу.
Паводле belsat.eu