Нігерыя. Пасля пратэстаў улады расфарміравалі спецназ паліцыі
Пасля таго, як у інтэрнэце было апублікавана відэа забойства, як мяркуецца, учыненага паліцыянтам, у Нігерыі распачаліся хваляванні. Улады прызналі факты парушэнняў правоў чалавека, паведамляе «Свабода».
У Нігерыі — найбуйнейшай паводле колькасці насельніцтва краіне Афрыкі — улады ў нядзелю абвясцілі аб расфарміраванні спецыяльнага паліцэйскага падраздзялення SARS пасля масавай кампаніі, каб прыцягнуць яго байцоў да адказнасці за парушэнні правоў чалавека, паведамляе Свабода.
SARS (Спецыяльны атрад па барацьбе з рабаваннем) у апошнія гады рэзка крытыкавалі праваабаронцы і грамадскія арганізацыі — у самой Нігерыі і за мяжой. Яго байцоў абвінавачвалі ў катаваннях і пазасудовых расправах над людзьмі. Amnesty International прыводзіць дадзеныя аб 82 падобных выпадках за апошнія 3 гады.
У апошнія гады ў Нігерыі праходзіла кампанія пад лозунгам EndSARS («Пакласці канец SARS»), аднайменны хэштэг у Твітары стаў адным з самых папулярных. Кампанію падтрымалі вядомыя блогеры, дзеячы шоу-бізнесу, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. У апошнія дні пачаліся вулічныя пратэсты ў буйных гарадах Нігерыі — пасля таго, як у інтэрнэце было апублікавана відэа забойства, як мяркуецца, учыненага паліцыянтам.
Улады прызналі факты парушэнняў правоў чалавека і паабяцалі правесці іх незалежнае расследаванне. Не замяшаныя ў парушэннях байцы распушчанага атраду будуць пераведзеныя ў іншыя падраздзяленні паліцыі.