«Няма нічога кепскага, калі мужчына будзе сядзець з дзіцём». Гомелец схадзіў у дэкрэт у Нідэрландах

Былы жыхар Гомеля Зміцер Жалезнічэнка, які ўжо некалькі год жыве ў Нідэрландах, падзяліўся сваім досведам дэкрэтнага адпачынку. «Усе людзі розныя, і няправільна лічыць, што ў свеце ўсе жывуць па тых архаічных правілах, якім калісьці навучыліся», — адзначае ён.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Зміцер Жалезнічэнка — праграміст з Гомеля, які дапамагае ўкраінскім медыкам. Ён супрацоўнічаў з дабрачынным фондам S«tichting Zeilen van Vrijheid» з Нідэрландаў, які адпраўляе карэты хуткай дапамогі ва Украіну. Зміцер лічыцца першым «палітычным прызыўніком». У Беларусі ён навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, аднак за грамадскую актыўнасць яго выключылі з ВНУ, хоць ён быў выдатнікам. Пасля шэрагу судоў яго прымусова накіравалі ў войска, дзе ён адмовіўся прымаць прысягу, нагадвае «Штодзень».

— Як атрымалася, што ты пайшоў у адпачынак па доглядзе дзіця?

— У Нідэрландах такія працоўныя законы, што няма вялікага дэкрэта. І нават для маці пасля нараджэння дзіцяці адпачынак па доглядзе дзіцяці — гэта ўсяго тры месяцы. Пасля гэтага перыяду вялікая колькасць людзей аддае дзіця ў сад. То-бок з трох месяцаў жыцця дзеці знаходзяцца не з бацькамі, а ў нейкім садзе.

Але ў нас было не так. Мая жонка сядзіць з дзіцём значна болей. У нас нарадзілася дачка ў канцы 2020 года, калі была пандэмія. І жонка тады не працавала. І я першыя часы ёй таксама дапамагаў. Але не таму, што ў нас такое працоўнае заканадаўства, а таму што ў нас такія ўмовы ў кампаніі, дзе я працую. Паводле нашых унутраных правіл, усе супрацоўнікі ва ўсім свеце маюць права на 18 тыдняў адпачынку па доглядзе дзіця на працягу першага года нараджэння. Адпаведна ўсе, у каго нараджаюцца дзеці, ідуць у гэты дэкрэт амаль на 4,5 месяцы. Я таксама браў гэты адпачынак. Пры гэтым захоўваецца заробак, усе бонусы, якія ёсць на працы. Ты бярэш гэты адпачынак альбо цалкам, альбо разбіваеш на два перыяды. І пасля гэтых 4,5 месяцаў вяртаешся і працягваеш працаваць.

— І гэта права маеш незалежна ад таго, працуе жонка паралельна ці знаходзіцца ў дэкрэце?

– Я як супрацоўнік кампаніі маю такое права. Але трэба сказаць, што гэта даволі рэдка так бывае. Мне ў гэтым плане значна пашанцавала, што ў нас ёсць такі бонус. У Нідэрландах нядаўна партнёрам давалі ўсяго некалькі дзён адпачынку, цяпер трошкі болей. Не памятаю дакладна, колькі. Але ў маім выпадку пашанцавала, што можна было пайсці ў такі доўгі адпачынак з захаваннем заробку. Не клапаціцца пра працу, пра грошы, а быць з сям’ёй, з дзіцём падчас першых месяцаў пасля нараджэння.

Глядзіце таксама

— Што рабіў падчас дэкрэту?

— Працы шмат было, канешне. У Нідэрландах ёсць інстытут патранатных сясцёр. Гэта калі жанчына з адпаведным досведам, навучаная, прыходзіць некалькі разоў падчас першых тыдняў і паказвае, што рабіць, як змяняць памперсы, як карміць, як купаць. Мы з жонкай натуральна ад яе вучыліся гэтаму ўсяму, бо гэта наша першае дзіця. У нас не было такога досведу. А потым мы самі ўжо давалі рады. Мы жывём у эміграцыі, у нас няма магчымасці, каб часта прыязджалі бабулі з дзядулямі, таму мусім разлічваць пераважна толькі на сябе. А з дзіцём заўжды ёсць чым сябе заняць: пакарміць, вывесці на вуліцу — такія ўсе прыемныя бацькоўскія забавы.

— Падчас прапагандысцкага шоу на дзяржаўным тэлеканале СТВ «Да!Но..» член Моладзевага парламента Павел Латковіч заявіў, што калі мужчына ідзе ў адпачынак па доглядзе дзіця, то ён можа «абабіцца» і праз 20-30 гадоў надзець спадніцу. Што думаеш наконт гэтага?

— Думаю, што цяпер такі час, што змяняюцца гендарныя ролі, у тым ліку. І няма нічога кепскага, калі жанчына хоча будаваць кар’еру і займацца болей сваёй працай, а мужчына будзе сядзець з дзіцём. Калі абодва бацькі на гэта згодныя. Усе людзі розныя, і няправільна лічыць, што ў свеце ўсе жывуць па тых архаічных правілах, якім калісьці навучыліся.

— Для цябе асабіста дэкрэт быў чым? Можа, пераасэнсаваў нешта?

— Натуральна, калі болей часу праводзіць з дзіцём, то ў вас фарміруюцца, думаю, найлепшыя, больш глыбокія стасункі, якія застануцца на ўсё жыццё. Таму што ў Нідэрландах такая даволі жорсткая сістэма, калі даводзіцца дзіця вельмі рана аддаваць у сад, бачыш яго зусім мала часу зранку і ўвечары. Потым пасля сада дзіця кладзецца спаць. Па выніку дзіця жыве само па сабе, а бацькі самі па сабе. Мне падаецца, што шмат для якіх дзяцей гэта не вельмі добра.

На шчасце, у нас ёсць магчымасць, каб жонка болей праводзіла часу з дачкой, каб яна яе развівала, каб яны проста разам бавілі час. Цяпер я працую, але для мяне заўсёды радасць прыйсці і пэўны час правесці з дачкой, увечары ці на выходных. Але ўсё гэта, у тым ліку, закладалася ў першыя месяцы жыцця дзіцяці.

Глядзіце таксама