Новы каранавірус: 9 чалавек памерлі, больш за 400 захварэлі

Улады Кітая раяць устрымацца ад паездак у горад Ухань у правінцыі Хубэй, які называюць эпіцэнтрам новага небяспечнага віруса, які забраў жыцці дзевяці чалавек, паведамляе bbc.com.

AFP

AFP


Жыхарам 11-мільённага мегаполіса таксама рэкамендавана пазбягаць вялікай колькасці людзей і масавых зборышчаў.
На дадзены момант пацверджана 440 выпадкаў заражэння вірусам, які ўжо распаўсюдзіўся і на іншыя кітайскія правінцыі, а таксама пракраўся на тэрыторыю ЗША, Тайланда і Паўднёвай Карэі.
"Галоўнае—- не ездзіце ва Ухань. А тых, хто там знаходзіцца, я заклікаю не пакідаць горад", — заявіў намеснік кіраўніка дзяржаўнага камітэта КНР па ахове здароўя Лі Бінь.
Па словах чыноўніка, вірус, які атрымаў назву 2019-nCoV, перадаецца галоўным чынам рэспіраторным шляхам.
"Хоць шляхі перадачы віруса яшчэ трэба будзе дакладна ўстанавіць, ёсць верагоднасць, што ён можа мутаваць, а таксама ёсць рызыка далейшага распаўсюджвання эпідэміі", — дадаў Лі Бінь.
Ён таксама паведаміў, што больш за 2 тысячы чалавек мелі кантакты з інфіцыраванымі пацыентамі. Акрамя таго, як мінімум 15 медыцынскіх работнікаў ва Ухані заразіліся вірусам ад пацыентаў.
Улады асцерагаюцца, што хуткасць распаўсюджвання віруса можа павялічыцца, так як мільёны людзей падарожнічаюць па Кітаю падчас святкавання Новага года па месяцовым календары. Тысячы кітайцаў таксама выязджаюць за мяжу.
Ва Ухані ўведзена забарона на продаж жывой птушкі і жывёлы, у найбуйнейшых транспартных вузлах горада ўзмоцнена работа сістэм вентыляцыі, жыхары таксама абавязаны вымяраць тэмпературу.
"Нам ужо вядома, што хвароба прыйшла з рынку, на якім ішоў незаконны гандаль дзікімі жывёламі. Магчыма, носьбітам віруса была жывёла, а затым ён перайшоў да чалавека", — кажа дырэктар Цэнтра па кантролі і прафілактыцы хвароб Гао Фу.
Эксперты асцерагаюцца, што многія выпадкі заражэння ўсё яшчэ могуць заставацца незафіксаванымі. Паводле ацэнак Цэнтра аналізу глабальнага распаўсюджвання інфекцый Імперскага каледжа Лондана, колькасць заражэнняў можа перавышаць 1700.
У сераду Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) можа абвясціць міжнароднае надзвычайнае становішча ў сувязі з вірусам — як гэта было ў выпадку з ліхаманкай Эбола.

Што вядома пра новы вірус

Вірус 2019-nCoV — варыянт каранавіруса, які да гэтага часу не перадаваўся людзям. Каранавірусы — сямейства вірусаў, якое ўключае 38 відаў вірусаў, толькі шэсць (а з новым вірусам — сем) з якіх паражаюць чалавека. Даследчыкі лічаць, што, хутчэй за ўсё, вірус распаўсюдзіўся на людзей ад жывёл, але можа таксама перадавацца ад чалавека да чалавека. Сярод сімптомаў заражэння: падвышаная тэмпература, кашаль, абцяжаранае дыханне. Людзям раяць не дакранацца да жывёл, пазбягаць недаваранага або недасмажанага мяса і яек, а таксама пазбягаць кантакту з людзьмі з сімптомамі прастуды ці грыпу.
Крыніца: Сусветная арганізацыя аховы здароўя


Міністэрства аховы здароўя Беларусі адзначыла, што ў нашай краіне ўзмоцнены прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні распаўсюджвання каранавіруса
Работа спецыялістаў ведамства накіравана на прафілактыку захворвання сярод тых, хто заязджае ў Беларусь з краін з неспрыяльнай эпідсітуацыяй. Таксама вядзецца праца, у тым ліку праз тураператараў, па папярэджанні грамадзян, якія выязджаюць з Беларусі ў турыстычныя паездкі. Каб аператыўна прыняць меры па недапушчэнні завозу віруса ў краіну — праводзяцца комплексныя мерапрыемствы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». У аэрапортах арганізаваны санітарна-каранцінны кантроль пасажыраў з краін, у якіх выяўлена захворванне, у тым ліку з прымяненнем цеплавізійнага абсталявання.