Новы сцяг Еўрасаюза, сочка за Санта-Клаўсам: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў
Рух «жоўтых камізэлек» можа ахапіць і іншыя краіны Еўропы, выкіды газу СО2 дасягнулі гістарычнага максімуму, а ў Кітаі нарадзіліся дзеці са змененымі генамі — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма замежных карыкатурыстаў.
![1_148.jpg 1_148.jpg](/img/v1/images/1_148.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У Францыі працягваюцца пратэсты. Улады краіны прымаюць надзвычайныя меры, каб захаваць кантроль над сітуацыяй, у Елісейскім палацы асцерагаюцца путчу. Між тым ёсць меркаванне, што рух «жоўтых камізэлек» неўзабаве ахопіць і іншыя краіны ЕС. Жоўтыя камізэлькі пачалі апранаць дэманстранты ў Бельгіі, Нідэрландах, Іспаніі, Германіі. Нідэрландскі мастак Хаё дэ Рэйгег (Hajo de Reijger) заклікае задумацца пра новую сімволіку Еўрасаюза.
![2_3_1.jpg 2_3_1.jpg](/img/v1/images/2_3_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Каманда амерыканскага пракурора Мюлера прыступіла да складання фінальнага даклада пра расследаванне ўмяшальніцтва Масквы ў прэзідэнцкія выбары ЗША ў 2016 годзе на карысць Дональда Трампа. Высновы Мюлера могуць стаць прадметам дэбатаў пра імпічмент прэзідэнту. Каб узмацніць доказную базу мастак Марыян Каменскі (Marian Kamensky) прапануе Мюлеру падслухаць, што Трамп просіць у Санта-Клаўса.
![3_117.jpg 3_117.jpg](/img/v1/images/3_117.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У польскім горадзе Катавіцэ праходзіць штогадовая канферэнцыя ААН аб змяненні клімату. Напярэдадні з’явілася сумная навіна — выкіды газу CО2 дасягнулі свайго гістарычнага піку. Таму на малюнку The New York Times удзельнікі канферэнцыі прызнаюць: клімат мяняецца не толькі з-за дзейнасці чалавека, але таксама з-за яго бяздзейнасці.
![4_2_4.jpg 4_2_4.jpg](/img/v1/images/4_2_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Новым кіраўніком нямецкай урадавай партыі Хрысціянска-дэмакратычны саюз (CDU) стала Аннегрэт Крамп-Каррэнбауэр па мянушцы АКК. Крамп-Каррэнбауэр лічыцца пераемніцай цяперашняга канцлера Германіі і ўжо мінулага кіраўніка CDU Ангелы Меркель. Таму яе называюць Меркель 2.0. Зрэшты, каб стаць другой Меркель новаму партыйнаму кіраўніку яшчэ трэба пастарацца, што і адлюстраваў нямецкі мастак Паоло Галер (Paolo Calleri).
![5_115.jpg 5_115.jpg](/img/v1/images/5_115.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кітайскі навуковец Хэ Цзянькуй абвясціў, што ў краіне нарадзіліся першыя ў свеце генетычна мадыфікаваныя дзеці. Навукоўцы з усяго свету асудзілі Хэ: нараджэнне дзяцей са змененымі генамі можа быць небяспечным для будучых пакаленняў. Гэтую трывожную перспектыву кітайская газета China Daily адлюстравала з дапамогай малюнка Вітрувіанскага чалавека Леанарда Да Вінчы. У выніку генных эксперыментаў homo sapiens у будучым можа выглядаць непрадказальна.