Новыя «замежныя агенты» ў Расіі: «Працуем, як працавалі»

Спіс СМІ — «замежных агентаў» у Расіі пашыраецца. «Гэта — не нечаканасць, мы гэта звязваем з кампаніяй ціску на незалежныя арганізацыі і СМІ», — сказаў сузаснавальнік «ОВД-Инфо».

Фота ТАСС

Фота ТАСС

Два дзясяткі расійскіх праваабаронцаў, палітолагаў, журналістаў звыкаюцца з новым статусам: напярэдадні ў Мінюсце пашырылі рэестр «СМІ — замежных агентаў». У яго ўключылі 22 прозвішчы і 2 арганізацыі. Агентамі прызнаныя ў тым ліку парталы «Медиазона» і «ОВД-Инфо», якія прысвячаюць значны аб'ём матэрыялаў палітычным пераследам у Расіі. Што далей?

Сузаснавальнік «ОВД-Инфо» Рыгор Ахоцін заявіў, што ўключэнне ў рэестр не ўносіць прынцыповых змяненняў у дзейнасць праекта. «Мы будзем працягваць працаваць, як і працавалі, гэта зусім не можа нас спыніць. Якія канкрэтна гэта прынясе складанасці? Паглядзім! Але лягчэй ад такога цэтліка ніколі не становіцца!»

Усяго ў рэестры СМІ — «замежных агентаў» сёння — 72 чалавекі і арганізацыі, у пачатку года іх было 17. «Гэта — не нечаканасць, мы гэта звязваем з кампаніяй ціску на незалежныя арганізацыі і СМІ, — пракаментаваў Ахоцін. — Гэта не сёння пачалося. Адметна, што гэта адбываецца ў разгар грамадскай кампаніі за адмену заканадаўства аб замежных агентах, дзе «ОВД-Инфо» — адзін з цэнтральных ініцыятараў».

1 верасня кіраўнікі больш за 20 незалежных выданняў запатрабавалі ануляваць цяперашні спіс «СМІ — «замежных агентаў» і ўнесці папраўкі ў дзейнае заканадаўства аб «замежных агентах». Яны падпісалі адкрыты ліст прэзідэнту Уладзіміру Пуціну. У Крамлі паабяцаў разгледзець зварот журналістаў.

Паводле euronews.com