Пабудаваць горад у гонар сябе. Дыктатары ў карыкатурах: Гурбангулы Бердымухамедаў

Сёння або заўтра ў Туркменістане пройдзе цырымонія адкрыцця новага горада Аркадага, чыя назва напрамую апелюе да афіцыйнага тытула «Аркадаг» другога прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава (бацька цяперашняга гаранта і фактычны кіраўнік краіны).

Дыктатары ў карыкатурах «Новага Часу»: Гурбангулы Бердымухамедаў 

Дыктатары ў карыкатурах «Новага Часу»: Гурбангулы Бердымухамедаў 

Наогул называць горад у гонар сябе любімага — рызыкоўнае мерапрыемства, асабліва ў Цэнтральнай Азіі. Яшчэ ў свеце не забыліся, як дэпутаты казахстанскага парламента аднагалосна ўхвалілі ідэю перайменавання сталіцы краіны Астаны ў Нурсултан. У сеціве навіна выклікала сапраўдную лавіну жартаў. 

«Цікава, чаму краіну адразу не перайменавалі? Нурсултанат класна ж гучыць!»


Безумоўна, такая жартоўная кампанія падрывала аўтарытэт улады.

Як бачым, Аркадага досвед Казахстана нічому не навучыў. Наогул аб будаўніцтве новага горада Бердымухамедаў-старэйшы аб'явіў восенню 2018 года. Тады ён наведаў пустынную мясцовасць у Ахалскім віялаце (вобласці) і паведаміў, што там будзе ўзведзены новы адміністрацыйны цэнтр рэгіёна. 

Праз пяць гадоў праект, які каштаваў 3,3 мільярда долараў ЗША, паводле афіцыёзу, практычна рэалізаваны. Згодна з афіцыйнымі данымі, сёння колькасць насельніцтва Аркадага ўжо складае 43 тыс. чалавек. Праўда, ёсць адна праблемка: працаваць гэтым людзям, здаецца, няма дзе. Прынамсі,  будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў толькі плануецца.

Кампенсаваць цяперашнія цяжкасці аркадагцы могуць марай пра тое, што ў будучыні стануць жыхарамі сталіцы. У сакавіку ў Туркменістане ўступіў у сілу закон, паводле якога Аркадагу прысвоены статус горада дзяржаўнага значэння. Такім чынам населены пункт выведзены са складу Ахалскага віялата, на тэрыторыі якога фактычна знаходзіцца. Эксперты гавораць, што з часам Аркадаг возьме на сябе частку сталічных функцый.

Магчыма, Аркадаг стане і новым турцэнтрам. Горад ужо зараз мае шмат эксцэнтрычных дэталей. Так, галоўны праспект горада названы ў гонар Акханула — любімага каня былога прэзідэнта краіны Гурбангулы Бердымухамедава. Акрамя таго, на цэнтральнай плошчы ўстаноўлены гіганцкі помнік усё таму ж скакуну.

Так ці інакш, гораду Аркадагу быць. Цырымонія адкрыцця плануецца пампезнай і масавай. Картэж з Бердымухамедавым пачне рухацца з цэнтра Ашхабада і павольна даедзе да Аркадага. Па шляху ўздоўж дарогі — прыкладна 30 км — будуць стаяць захопленыя жыхары краіны. Мяркуецца, што яны павінны не толькі апладзіраваць і размахваць сцягамі, але яшчэ і спяваць, танчыць і чытаць прысвечаныя былому прэзідэнту вершы. Увечары чакаецца канцэрт і салют. 

Гурбангулы Бердымухамедаў, дарэчы, заявіў, што адкрыццё горада павінна прайсці «ў атмасферы радасці і весялосці». Наконт гэтага няма ніякага сумневу. Незалежныя туркменскія СМІ паведамляюць, што масоўку сабралі з бюджэтнікаў, школьнікаў і студэнтаў — навучэнцаў дзеля гэтага спецыяльна вярнулі з вакацый. Удзельнікі цырымоніі штодня рэпетуюць — гадзінамі будуюцца ў «жывыя сцены» і маршыруюць на саракаградуснай спякоце. Згодна з шэрагам паведамленняў, падчас трэніровак зафіксавана некалькі выпадкаў страты прытомнасці. Урачы аказваюць дапамогу на месцы, але дадому нікога не адпускаюць.  

Як бачым, усё сапраўды весела і радасна.