Пайшоў з жыцця апошні вядомы ўдзельнік паўстання ў Варшаўскім гета (відэа)
У Іерусаліме памёр апошні вядомы ўдзельнік паўстання 1943 года ў Варшаўскім гета Сімха Ратгайзэр-Ротэм. Яму было 94 гады.
![Сімха Ротэм Сімха Ротэм](/img/v1/images/46844582_303.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сімха Ротэм
Вядомы пад псеўданімам «Казік», ён быў членам падпольнай Габрэйскай баявой арганізацыі, якая падняла ў красавіку 1943 года паўстанне супраць самавольства нацыстаў і дэпартацыі габрэяў у лагеры смерці.
Ён змагаўся разам з байцамі супраціву, спрабаваў наладзіць кантакты паміж атрадамі і іншымі арганізацыямі, а таксама часта быў сувязным паміж падпольшчыкамі на тэрыторыі Варшаўскага гета і падраздзяленнямі за яго межамі.
Барацьба жыхароў гета і Габрэйскай баявой арганізацыі супраць рэжыму доўжылася амаль месяц. Пасля падаўлення паўстання тысячы габрэяў дэпартавалі ў лагер смерці ў Трэблінцы, спалілі жыўцом або расстралялі. Сімха Ротэм быў адным з нямногіх, каму ўдалося збегчы. З дапамогай польскіх інжынераў, якія добра ведалі каналізацыю горада, ён арганізаваў ўцёкі па тунэлях для пакінутых у жывых членаў Габрэйскай баявой арганізацыі.
Паўстанне ў Варшаўскім гета сёння называюць самым маштабным габрэйскім супрацьстаяннем за час Другой Сусветнай вайны. Сімха Ротэм таксама ўдзельнічаў у Варшаўскім паўстанні 1944 года. У 1946 годзе ён пераехаў у Іерусалім.
Паводле DW