Палітвязню Вітольду Ашурку, які памёр у шклоўскай калоніі, усталявалі памятны знак. У Бельгіі
Памятны знак у гонар палітвязня Вітольда Ашурка ўсталявалі і асвяцілі ў беларускай царкве ў Антверпене 31 кастрычніка. На яго сабралі 3,5 тысячы еўра «ўсім светам», піша Свабода.
Манумент выглядае як драўляная «сцяна плачу», два метры ў вышыню. На ёй ёсць партрэт Вітольда і пазначаныя гады ягонага жыцця.
З адваротнага боку напісалі дзве цытаты з лістоў бярозаўскага актывіста:
«Ваша нязломнасць супрацьстаяць цемры і пошасці натхняе слабых і дае надзею стомленым. Перамагае той, хто не здаецца!»
«Мы не памерлі і не сышлі назаўжды. Мы вернемся! Мы абавязкова вернемся! Проста сёння час быць героямі прыйшоў для вас».
Стварэннем памятнага знака займаўся святар Іван Майсейчык, які служыць у антверпенскай царкве. На манумент людзі добрай волі сабралі ўсю неабходную суму — 3500 еўра.
Палітвязня Вітольда Ашурка, які памёр у калоніі пры нявысветленых абставінах, пахавалі 26 траўня ў ягонай роднай Бярозаўцы.
Вітольд Ашурак — грамадскі і палітычны дзяяч з Лідчыны. Крымінальная справа па факце смерці Вітольда не заведзеная, родныя дагэтуль не ведаюць прычыны ягонай смерці.