Палітыкі, якія нас здзівілі (памерлыя і жывыя): Эрхан Арыклы, Джошуа Шапіра, Сільвіа Берлусконі
Адзін з міністраў непрызнанай Турэцкай рэспублікі Паўночнага Кіпра так выказаўся наконт магчымага ўз'яднання частак вострава, што многія ўспрынялі гэта як заяўку на далучэнне да Турцыі. Цікавыя акалічнасці з жыцця кандыдата ў віцэ-прэзідэнты ЗША ад дэмпартыі. Памерлы італьянскі палітык — чалавек і аэрапорт. Падборка навін пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.
Эрхан Арыклы, міністр транспарту і развіцця т.зв. Турэцкай рэспублікі Паўночнага Кіпра (ТРПК)
Эрхан Арыклы ў рэзкіх словах раскрытыкаваў перспектыву ўз'яднання турэцкай і грэцкай часткі Кіпра. На яго думку, гэта будзе азначаць сыход Турцыі з вострава. Паколькі на двары паўвекавыя ўгодкі падзелу Кіпра, такі пасаж быў успрыняты як заяўка на далучэнне ў будучыні турэцкага анклава да Турцыі.
Нагадаем, ТРПК узнікла як рэакцыя Анкары на дзяржаўны пераварот у Кіпры і прыход да ўлады грэчаскіх нацыяналістаў. У адказ пачалося ваеннае ўварванне Турцыі на поўнач Кіпра, дзе пражывалі ў асноўным туркі. Абгрунтаванне — прадухіленне генацыду. Так ці інакш, з тых часоў 37 працэнтаў тэрыторыі вострава ўваходзяць у склад рэспублікі, якую прызнае толькі Турцыя.
У прынцыпе, усё прызвычаіліся да падобнага стану. Аднак цяпер пачынаецца эпоха новых тэрытарыяльных прэтэнзій. Так, турэцкі прэзідэнт Таіп Эрдаган аб'явіў аб новаасманскім праекце, куды нават уключаны Іерусалім. Ці стане Іерусалім турэцкім — сумнеўна, а вось інтэграцыя Паўночнага Кіпра выглядае суцэльна рэалістычнай.
Размовы аб магчымым «вяртанні Паўночнага Кіпра ў родную гавань» ужо выклікалі нервовую рэакцыю ў Расіі. Анексія Паўночнага Кіпра туркамі з аднаго боку на руку Маскве, паколькі гэта кладзецца ў логіку тэзіса аб неабходнасці перагляду існуючых меж. З іншага боку, падтрымка новаасманскіх аспірацый Анкары можа падштурхнуць апошнюю агучыць прэтэнзіі на Крым, які быў васалам асманскіх султанаў.
Джошуа Дэвід Шапіра, губернатар Пенсільваніі, адзін з лідараў Дэмакратычнай партыі ЗША
Менавіта Шапіра лічыцца фаварытам на пасаду віцэ-прэзідэнта ў камандзе Камалы Харыс — кандыдата на пост прэзідэнта ЗША ад партыі дэмакратаў. Матывы такога выбару відавочныя. Штат Пенсільванія з'яўляецца полем перадвыбарнай бітвы, якую Дональд Трамп у 2016 годзе і Байдэн у 2020 годзе выйгралі з перавагай усяго ў дзясятак тысяч галасоў. Шапіра, як дзеючы губернатар, карыстаецца папулярнасцю ў тубыльцаў. А калі раней ён балатаваўся на пасаду генеральнага пракурора штата, то ўвогуле атрымаў больш галасоў, чым любы іншы кандыдат у гісторыі Пенсільваніі.
Адзін супярэчлівы пункт у іміджы Шапіра: паслядоўная падтрымка Ізраіля, што не падабаецца частцы электарату дэмакратаў. Уласна кажучы, такая пазіцыя збольшага нядзіўная, паколькі Джошуа Шапіра паходзіць з яўрэйскай сям'і. У юным узросце Шапіра нават пачаў сусветную праграму напісання лістоў у абарону савецкіх яўрэйскіх дысідэнтаў. У дадатак ён кансерватыўны яўрэй, які выконвае рэлігійныя традыцыі. Варта адзначыць, што пошук кандыдата на пасаду віцэ-прэзідэнта звычайна з'яўляецца тонкім, закулісным працэсам, які, як правіла, утоены ад вонкавых назіральнікаў. Нядзіўна, што сам Джошуа не пацвердзіў сваю зацікаўленасць у гэтай намінацыі, заявіўшы, што любое рашэнне знаходзіцца ў руках Камалы Харыс.
Сільвіа Берлусконі, памерлы італьянскі палітык, які лічыцца бацькам мясцовага правага папулізму
Цяпер Сільвіа не толькі чалавек, а таксама аэрапорт. Італьянская авіяцыйнае ведамства Enac нядаўна абвясціла, што найбуйнейшы аэрапорт Мілана ў будучыні будзе насіць імя прадпрымальніка, мільярдэра і палітыка, які памёр крыху больш за год таму. Гэта рушыла ўслед за адпаведнай ініцыятывай правага ўрада Джорджы Мелоні, у склад якога таксама ўваходзіць партыя Берлусконі «Наперад, Італія».
З'яўленне на карце краіны аэрапорта імя Берлусконі выглядае вельмі цікава на фоне назваў іншых італьянскіх аэрапортаў. Напрыклад, любы, хто накіроўваецца ў Палерма, прызямляецца ў аэрапорце Фальконе-Барселіна, названым у гонар двух пракурораў, забітых мафіёзі ў 1992 годзе. Між тым, лічыцца, што менавіта мафія магла даць Сільвіа першапачатковы капітал, каб потым адмываць грошы на яго праектах.
Ёсць і этычны аспект у спадчыне чыка. Ужо ў 70-гадовым узросце Сільвіа рэгулярна ладзіў секс-вечарынкі з цэлымі батальёнамі маладых жанчын, у тым ліку, непаўналетнімі. Відавочна, што Берлусконі застаецца ключавой фігурай для ўсіх прадстаўнікоў правага спектра Італіі. І, здаецца, культ Берлусконі будзе толькі ўмацоўвацца. Міністр транспарту патрабуе назваць у гонар Сільвіа вялізны мост, які ў будучыні злучыць Сіцылію з мацерыковай часткай Італіі.