Палітыкі тыдня: Барбель Хён, Гаджымет Сафараліеў, Кім Чэн Ын

Барбель Хён   Адзін з лідараў партыі Зялёных у нямецкім рэгіёне Ніжні Рэйн-Вестфалія імгненна стала палітыкам нацыянальнага ўзроўню, пасля таго, як апублікавала ў інтэрнэце аб’яву пра вакансію для студэнтаў-практыкантаў падчас сваёй выбарчай кампаніі.



2005_10_23_xxl_ap_20051023084118_fra501_gruenen_politikerin_baerbel_hoehn.jpg

Таму, хто пройдзе кастынг, палітык паабяцала плаціць 4 еўра за гадзіну. Для студэнтаў гэта добрыя грошы. Працаваць пагадзіўся шмат хто. Аднак тут узнікла праблема. Справа ў тым, што Зялёныя ў сваёй праграме да выбараў у Бундэстаг заклалі пункт пра тое, што мінімальная плата ў ФРГ павінна быць не менш 8,5 еўра за гадзіну. Натуральна, пачаўся скандал. У дадатак стала вядома, што патрабаванні да кандыдата эколаг выставіла жорсткія: адказнасць за Facebook, відэа-блог, праца з прэсай і грамадскасцю плюс, натуральна, гатаванне кавы (гэта галоўны абавязак усіх нямецкіх практыкантаў).

Лібералы — заўзятыя праціўнікі Зялёных — адразу абвінавацілі апошніх у эксплуатацыі моладзі і папулізме. Сама Барбель кажа, што трэба ўважліва чытаць аб’яву. Там гаворыцца, што студэнт будзе працаваць у рамках навучання. Нават прафсаюзы лічаць, што ў такім фармаце гэта вартая аплата, а федэральны закон увогуле дазваляе нічога не плаціць практыкантам. Дарэчы, так робіць большасць нямецкіх палітыкаў, уключаючы праціўнікаў Зялёных. Таму ў кулуарах Бундэстага нават праціўнікі Зялёных вельмі насцярожана каментуюць скандал вакол Барбель Хён. Бо каму ж ахвота плаціць за тое, што яшчэ ўчора было бясплатным.


Гаджымет Сафараліеў

image23521665.jpg

Дэпутат Дзяржаўнай думы ад партыі «Адзіная Расія» выказаў свае прапановы ў новы закон Расійскай Федэрацыі аб грамадзянстве, які дазваляе любому былому грамадзяніну СССР атрымаць расійскі пашпарт.

Аднак Сафараліеў вырашыў унесці невялікія папраўкі. А менавіта — распаўсюдзіць дзеянне закону на ўсіх выхадцаў з Расійскай імперыі. Адпаведна, калі гэты закон пройдзе, то ўсе нашчадкі былых падданых імперыі — фіны, палякі, маньчжуры і кітайцы, змогуць смела ехаць у Расію па пашпарт.

У прынцыпе, сам праект (і Сафараліеў гэтага не хавае) разлічаны на рэпатрыяцыю чэркесаў, якія збеглі ў Турцыю і ў Сірыю падчас расійскай каланізацыі Каўказа. Пакуль чэркесы думаюць над прапановай, сайты рускіх нацыяналістаў пужаюць абывацеляў. «Стагоддзі, праведзеныя на Блізкім Усходзе, ужо паспелі ператварыць іх (чэркесаў) хутчэй у турак і арабаў, чым у тых жа каўказцаў. Ды і радыкальныя ісламскія погляды, разам з нянавісцю да рускіх, яны атрымалі з матчыным малаком. Як думаеце, ці шмат часу пройдзе перад тым, як гэтыя «новыя расіяне» разгорнуць зялёныя сцягі джыхаду?» — каментуе адно з выданняў ініцыятыву Сафараліева.


Кім Чэн Ын

1354904768.jpg

Вялікі стратэг (адзін з афіцыйных тытулаў правадыра Паўночнай Карэі) перасварыў паміж сабой кампаніі, якія займаюцца выпускам мабільных тэлефонаў. Усё з-за выпадковага здымку, які трапіў у прэсу на мінулым тыдні. На ім Кім Чэн Ын выяўлены падчас аднаго з пасяджэнняў камітэта абароны КНДР, прысвечанага будучаму запуску ядзернай ракеты, якая, быццам, можа дастаць да ЗША. Побач з ім на стале відаць чорны смартфон, які і стаў прадметам скандалу ў свеце карпарацый.

Большасць з тых, хто бачыў фота, адразу пазналі ў гэтым смартфоне мадэль кампаніі Samsung. Вядомая карпарацыя, у сваю чаргу, заяўляе, што той тэлефон зроблены іншай кампаніяй. Пасля ў спіс падазраваных трапілі тайваньская фірма HTC і амерыканская iPhone. Апошнія таксама адмовіліся прызнаваць сваё аўтарства. Відавочна, што нікому не патрэбны імідж фірмы, якая сімвалічна звязаная з Пхеньянам, ды яшчэ ў час канфрантацыі, якая мае ўсе шансы закончыцца лакальнай вайной.

Яшчэ большая загадка ва ўсёй гэтай гісторыі — нашто паўночна-карэйскаму лідару смартфон, калі ў краіне няма інтэрнэту (праўда, тут існуе свой аналаг інтэрнэту, аднак ён слаба развіты).