Памерла расійская спявачка Юлія Началава
Ёй было 38 гадоў.
Фота: сацсеткіЮлія Началава захварэла яшчэ ў 2007 годзе, калі ёй правялі няўдалую аперацыю па павелічэнні грудзей.
Пасля першай аперацыі выявілася, што грудзі чацвёртага памеру выклікаюць у спявачкі дыскамфорт, і яна наважылася на паўторнае хірургічнае ўмяшанне, якое ледзь не каштавала ёй жыцця. Медыкі з клінікі ў Лос-Анжэлесе занеслі ёй інфекцыю, тады спявачку экстрана шпіталізавалі проста з аэрапорта. Сама яна казала, што яе літаральна «выцягнулі з таго свету».
Тады праблемы са здароўем далі ўскладненне на ныркі, з-за чаго арганізм спявачкі стаў дрэнна выводзіць мачавую кіслату.
Прыкладна сем гадоў таму ў Началавай выявілі падагру, праз чатыры гады дыягнаставалі сістэмную чырвоную ваўчанку. Спявачка апошні час на публіцы з'яўлялася ў пальчатках, каб схаваць гузы на руках.
Падагра і ваўчанка — гэта ўжо невыносна цяжка, а пры канцы 2018-га дадалася яшчэ цукроўка другога тыпу.
У сакавіку 2019 года Началава намуляла нагу падчас здымак праграмы пародый «Адзін у адзін». Драпіна ператварылася ў рану, спявачку шпіталізавалі. Пайшоў абсцэс. Паднялася тэмпература, пагоршаў стан, вырасла нагрузка на ныркі. Яе перавялі на штучную вентыляцыю лёгкіх, але гэта не дапамагло. Узмацнялася сардэчна-судзінная недастатковасць, здарыўся ацёк мозга.
16 сакавіка дактары вырашылі ампутаваць нагу. Аперацыю арганізм спявачкі не перанёс, паведаміла афіцыйная прадстаўніца артысткі Ганна Ісаева. «Гадзіну таму перастала біцца сэрца нашай Юлі», — напісала яна ў Instagram.
Пік папулярнасці Началавай прыпаў на канец 90-х.
Юлія Началава занесена ў базу сайту «Міратворац» за наведванне акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый.
Паводле nn.by