Папа Рымскі заявіў пра генацыд дзяцей карэнных народаў у Канадзе

Падчас візіту ў Канаду Папа Рымскі Францішак прынёс прабачэнні за ролю цэркваў у гвалтоўнай асіміляцыі карэнных народаў.

Папа Рымскі Францішак. Фота: AFP

Папа Рымскі Францішак. Фота: AFP


Папа Рымскі Францішак з тыднёвым візітам знаходзіўся ў Канадзе. На заканчэнне свайго візіту ён выбачыўся за ролю каталіцкага Касцёла і іншых хрысціянскіх цэркваў у гвалтоўнай асіміляцыі дзяцей карэнных народаў Канады, паведамляе «Reuters». Папа Рымскі прызнаў, што гэтую палітыку можна назваць «генацыдам». Адбылося гэта ў самалёце, дзе рэпарцёр з ліку карэннага насельніцтва Канады спытаўся ў яго, чаму ён не выкарыстаў гэтае слова падчас паездкі і ці згодны ён з тым, што члены царквы ўдзельнічалі ў генацыдзе.
«Гэта праўда, што я не выкарыстаў гэтае слова, таму што не думаў пра яго. Але я апісаў генацыд. Я папрасіў прабачэння, я папрасіў прабачэння за гэтую дзейнасць, якая была генацыдам, — сказаў Францішак. — Я асудзіў гэта — адыманне дзяцей і спробы змяніць іх свядомасць, іх традыцыі, расу, усю культуру».
У перыяд з 1881 па 1996 гады больш за 150 000 дзяцей з ліку карэнных народаў былі разлучаныя са сваімі сем'ямі і адпраўленыя ў школы-інтэрнаты. Многія дзеці перажылі голад, збіццё і сексуальны гвалт у сістэме, якую Канадская камісія па ўсталяванні ісціны і прымірэння назвала «культурным генацыдам».