Парашэнка не выключыў "выхаду з рэжыму спынення агню" на ўсходзе Украіны

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка не выключыў "выхаду з рэжыму спынення агню" на ўсходзе краіны, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы па выніках яго сустрэчы з кіраўнікамі сілавых структур, якая прайшла 24 чэрвеня.



poroshenko5.jpg

У рэлізе адзначаецца, што "кантраляваныя звонку баевікі" ў аўторак "насуперак уласным абяцанням прытрымлівацца рэжыму спынення агню, дадзеным у Данецку на сустрэчы з прадстаўнікамі Трохбаковай кантактнай групы (23 чэрвеня — БелаПАН), збілі верталёт Узброеных сіл Украіны, што пацягнула смерць дзевяці чалавек". З моманту аб'яўлення мірнага плана Парашэнкі (20 чэрвеня. — БелаПАН.) "тэрарысты 35 разоў адкрывалі агонь па ўкраінскіх ваеннаслужачых".
Парашэнка "аддаў загад без усялякіх ваганняў адкрываць агонь у адказ". Ён заявіў, што спадзяецца на правядзенне 25 чэрвеня чатырохбаковай тэлефоннай канферэнцыі з удзелам канцлера Германіі Ангелы Меркель, прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Украінскі кіраўнік "разлічвае, што вынікам гэтай размовы стануць практычныя крокі Расіі па забеспячэнні раззбраення і адклікання наёмнікаў з тэрыторыі Украіны, а таксама ўвядзенне надзейнага рэжыму бяспекі на мяжы".
 
24 чэрвеня Пуцін заявіў, што ў сувязі з перамір'ем на ўсходзе Украіны ён звярнуўся ў Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі з просьбай адклікаць дадзеную 1 сакавіка, у разгар крымскага крызісу, згоду на выкарыстанне расійскай арміі за мяжой. Зварот павінен быць разгледжаны ў сераду.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН