Парашэнка заклікаў улады Зяленскага падтрымаць беларускі народ і заявіць пра выразную пазіцыю

Пасля 9 жніўня Беларусь знаходзіцца ў новай палітычнай рэальнасці. Адказнасць Украіны як дзяржавы, як сапраўднага сябра і нарэшце як заканадаўца дэмакратычных правілаў у рэгіёне — цвёрда заявіць аб сваёй пазіцыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве пятага прэзідэнта Украіны, лідэра партыі «Еўрапейская Салідарнасць» Пятра Парашэнкі.

Ён падкрэсліў, што ўкраінская ўлада павінна даць дакладныя адказы на ўсе пытанні, якія турбуюць грамадства:

Па-першае, ці прызнае Украіна, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, ні дэмакратычнымі?

Па-другое, ці прызнае Украіна Лукашэнку дэмакратычна абраным кіраўніком дзяржавы і ці будзе далей развіваць з ім адносіны?

Па-трэцяе, ці падтрымлівае афіцыйны Кіеў пазіцыю цывілізаванай супольнасці і беларускага народа па правядзенні новых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Беларусі?

Па-чацвёртае, што плануе рабіць Украіна для забеспячэння нацыянальных інтарэсаў пры абмеркаванні пытання Беларусі на экстраным саміце ЕС ужо ў гэтую сераду? Або так і не ўбачым актыўнай дыпламатыі прэзідэнта Украіны ў супрацоўніцтве з лідарамі ЕС і яго дзяржаў-членаў для каардынацыі нашых падыходаў?

Па-пятае, ці падтрымлівае афіцыйны Кіеў ўвядзенне мэтавых санкцый ЕС супраць асоб, якія маюць дачыненне да грубага парушэння правоў чалавека і ўжыванні сілы супраць мірных грамадзян? Калі так, то ці ўвядзе Украіна аналагічныя санкцыі на нацыянальным узроўні?

Па-шостае, ці не пара было б склікаць пасяджэнне РНБА для зацвярджэння комплексу мер з мэтай забеспячэння нацыянальнай бяспекі Украіны, уключаючы ўмацаванне нашых паўночных межаў, ва ўмовах узмацнення расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі?

Па-сёмае, ці не пара Украіне перагледзець палітычныя стасункі з аўтарытарным рэжымам, які праводзіць рэпрэсіі супраць уласнага народа і сфальсіфікаваў вынікі выбараў?

Па-восьмае, ва ўмовах антыўкраінскай істэрыі з боку беларускага рэжыму і здрадлівай пазіцыі ў пытанні перадачы вагнераўцаў, ці аналізуюць ўладу плюсы і мінусы змены Мінска як перамоўнай пляцоўкі трохбаковай кантактнай групы? Калі аналізуюць, то хацеў бы нагадаць: у свой час я асабіста лабіраваў Менск як месца для перамоваў з Масквой адносна міру на Данбасе, імкнучыся спрыяць спыненню міжнароднай ізаляцыі Беларусі, яе еўрапеізацыі і дэмакратызацыі.

І яшчэ адно — не менш важнае. Як украінскія ўлады плануюць процідзейнічаць спробам Крамля анэксаваць Беларусь, зрабіць яе расейскай правінцыяй?

«Афіцыйны Кіеў павінен як мага хутчэй вызначыцца ў сваёй пазіцыі і падтрымліваць беларускі народ, які дэманструе мужнасць і цвёрдасць і патрабуе зменаў дзеля будучыні сваёй краіны. Гэтак жа перакананы, што ў нашых міждзяржаўных адносінах абавязкова будзе і заўтра, і паслязаўтра. Аднак з якой менавіта Беларуссю мы хочам гэта «заўтра і паслязаўтра»?» — зазначыў Парашэнка.


Паводле gazeta.ua

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: