Пасля Парыжа тэракты планавалі ў Бірмінгеме — СМІ

Другі па велічыні горад Брытаніі мог стаць наступнай мэтай ісламістаў для выканання тэрактаў.



large.jpg

sport-express.ru

Такую выснову зрабілі спецслужбы пасля таго, як у тэлефоне арганізатара парыжскіх тэрактаў Абдэльхаміда Абауда знайшлі фатаграфіі месцаў англійскага Бірмінгема, паведамляе "Укрінформ" са спасылкаю на брытанскую газету Daily Mail.

«Рэгулярныя званкі, якія рабіў Абауд, а таксама фатаграфіі, знойдзеныя на яго тэлефоне, прывялі брытанскую паліцыю да страшнай высновы, што ён хацеў ажыццявіць у горадзе (Бірмінгеме. - Рэд.) такія ж атакі, як у французскай сталіцы», — гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначае выданне, следства не выключае верагоднасці таго, што фатаграфіі рабіў сам Абауд, які прыязджаў у Бірмінгем яшчэ да арганізацыі выбухаў у Парыжы.

Раней паведамлялася, што ў горадзе і яго ваколіцах выявілі некалькі ісламісцкіх тэрарыстычных суполак. Да іх, у прыватнасці, належаў Рабах Тахар, які, па інфармацыі ўладаў, узначальваў падраздзяленне баевікоў у Сірыі.

У Бірмінгеме знаходзяцца найбуйнейшыя гандлёвыя раёны Вялікабрытаніі, а таксама Нацыянальны выставачны цэнтр і некалькі буйных спартыўных цэнтраў.

Як паведамлялася раней, 18 лістапада праваахоўнікі правялі аперацыю непадалёк французскай сталіцы, у выніку якой Абауд ды яго саўдзельнікі ў арганізацыі серыі тэрактаў у Парыжы загінулі.