Паўночная Карэя дэмантавала ядзерны палігон Пунгеры
Улады Паўночнай Карэі здзейснілі дэмантаж тунэляў на ядзерным палігоне Пунгеры. Пра гэта паведамляюць замежныя журналісты, якім удалося паназіраць за гэтым працэсам.

Здымак ядзернага палігона Пунгеры са спадарожніка, зроблены да выбуху
Тры тунэлі палігона былі ўзарваны на вачах у прыкладна 20 журналістаў, запрошаных у КНДР для асвятлення гэтай падзеі. Два выбухі прагрымелі ў чацвер раніцай і яшчэ чатыры — увечары.
Як паведамляе карэспандэнт тэлеканала Sky News Том Чэшыр, замежнікі назіралі за выбухамі з гары, на адлегласці 500 метраў ад самага аб’екта.
«Яны пачалі адлік. — тры, два, адзін ... Быў велізарны выбух, пыл пасыпаўся на нас, нас абліла цеплавая хваля. Было вельмі гучна», — распавёў журналіст.
Карэспандэнт тэлеканала Сі-эн-эн таксама паведамілі пра выбухі на палігоне, але адзначыў, што, паколькі там не былі замежныя эксперты, цяжка ацаніць вынікі аперацыі.
Журналісты таксама адзначаюць, што ўвесь працэс нагадваў добра зрэжысаваную пастаноўку.
Улады КНДР не дапусцілі на месца дэмантажу міжнародных экспертаў па ядзернай зброі.
Раней паўднёвакарэйскія СМІ паведамлялі, што ўлады Паўночнай Карэі нібыта запатрабавалі з кожнага замежнага рэпарцёра па 10 тыс. даляраў у якасці візавага збору за магчымасць асвятляць дэмантаж ядзернага палігона.
29 красавіка лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын паабяцаў прэзідэнту Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Іну, што закрые ядзерны палігон Пунгеры ў траўні ў прысутнасці экспертаў з ЗША.
Незадоўга да гэтага, 21 красавіка, лідэр КНДР заявіў аб прыпыненні ракетных і ядзерных выпрабаванняў у КНДР і падрыхтоўцы да закрыцця палігона на поўначы краіны.
Усяго на гэтым палігоне з 2006 года было праведзена шэсць ядзерных выпрабаванняў. Апошняе — у 2017 годзе.
Палігон Пунгеры знаходзіцца ў горнай мясцовасці на паўночным усходзе краіны. Пунгеры лічыцца адзіным у свеце дзейсным ядзерным палігонам і асноўным элементам ядзернай інфраструктуры Паўночнай Карэі.
Аднак навукоўцы мяркуюць, што палігон часткова абрынуўся пасля апошняга выпрабавання ў верасні 2017 года, што не дазваляе працягваць выкарыстоўваць яго для гэтых мэтаў.
Ядзерныя выпрабаванні праводзіліся ў сістэме тунэляў, выкапаных пад гарой Мантапсан, якая знаходзіцца побач з палігонам Пунгеры.
Паводле BBC