Пераможцам Кубка Стэнлі з Беларусі і Расіі забароняць прывезці трафей на радзіму

Традыцыйнае турнэ Кубка Стэнлі па родных гарадах пераможцаў НХЛ у гэтым годзе абміне Расію з-за ўварвання ў Украіну.

Кубак Стэнлі. Фота sovsport.ru

Кубак Стэнлі. Фота sovsport.ru

У выпадку, калі расійскі ці беларускі гулец разам са сваёй камандай пераможа ў плэй-оф Нацыянальнай хакейнай лігі ЗША (НХЛ) і стане ўладальнікам Кубка Стэнлі, ліга не дазволіць яму паехаць з трафеем у Расію ці Беларусь. Пра гэта паведаміў намеснік камісара НХЛ Біл Дэйлі.

Кіраўніцтва лігі ўжо апавясціла пра гэта рашэнне каманды "Каларада Эвеланш" і "Тампа-Бэй Лайтнінг", якія выйшлі ў фінал, піша агенцтва AP. Зрэшты, які-небудзь гулец з Рассіі ў любым выпадку стане ўладальнікам трафея, адзначае агенцтва. За "Каларада" выступае расійскі нападаючы Валерый Нічушкін, за "Тампу" — брамнік Андрэй Васілеўскі, абаронца Міхаіл Сергачоў і нападаючы Мікіта Кучараў.

Згодна з традыцыяй, гульцы каманды-ўладальніка Кубка Стэнлі могуць на адзін дзень забраць трафей дадому і прывезці яго ў родны горад. "Мы можам правесці тур кубка ў будучыні, як гэта было зроблена з-за пандэміі, але гэтага дакладна не здарыцца ў Расіі гэтым летам", — сказаў Дэйлі. Такое рашэнне ліга прыняла з-за расійскага ўварвання ва Украіну, патлумачыў ён.