Польшча робіць больш жорсткімі правілы ўезду і павялічвае каранцін

Міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі заявіў 29 лістапада, што пачынаючы з 1 снежня ў краіне будуць уведзеныя больш жорсткія правілы ўезду на яе тэрыторыю ў сувязі са з'яўленнем новага штаму каронавіруса «Амікрон», перадае Радыё Свабода.

17_07_2017_polsha_1024x755_1024x755.jpg

У прыватнасці, Польшча, услед за некаторымі іншымі краінамі, спыніць палёты ў сем краінаў паўднёвай Афрыкі: Батсвану, Эсватыні, ПАР, Мазамбік, Лесота, Намібію і Зімбабвэ. Людзі, якія прыбудуць з гэтых краін, незалежна ад маршруту, будуць адпраўляцца на 14-дзённы каранцін без магчымасці перапыніць яго датэрмінова.
Урад павялічыць да 14 дзён каранцін для людзей, якія ўязджаюць у Польшчу з-за межаў шэнгенскай зоны. Цяпер каранцін для гэтай катэгорыі падарожнікаў складае 10 дзён. Патрабаванні аб каранціне па-ранейшаму не будуць датычыць прышчэпленых вакцынамі, прызнанымі ў Еўразвязе.
Стануць больш жорсткімі абмежаванні ўнутры краіны. Узровень запаўняльнасці публічных аб’ектаў — крамаў, гатэляў, басейнаў, кінатэатраў, тэатраў, канцэртных залаў — зніжаецца з 75 працэнтаў да 50 працэнтаў.
Больш жорсткія правілы і абмежаванні будуць дзейнічаць да 17 снежня. Міністр Адам Нядзельскі адзначыў, што ў далейшым яны могуць быць перагледжаныя з улікам каронавіруснай сітуацыі.