Польшча. У пасажыраў чыгункі з'явіцца свой амбудсмэн

Упаўнаважаны па правах пасажыраў чыгункі дапаможа палякам вырашаць спрэчкі з перавозчыкам.

Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com


У пасажыраў польскай чыгункі з’явіцца свой амбудсмэн. Ён пачынае выконваць свае абавязкі з пачатку будучага года па прызначэнні старшыні Упраўлення чыгуначнага транспарту.

Задачай амбудсмэна будзе дапамога пасажырам, якія ўвязаліся ў спрэчку з перавозчыкам. Гаворка ідзе, напрыклад, пра выпадкі, калі пасажыры патрабуюць ад чыгункі кампенсацыі за спазненне цягніка або неадпаведныя паводзіны персаналу.

Паводле старшыні Упраўлення чыгуначнага транспарту Ігнацыя Гуры (Ignacy Góra), упаўнаважаны па правах пасажыраў павінен рэагаваць хутка і эфектыўна.

Ігнацы Гура распавёў:

— Найхутчэй звязацца з амбудсмэнам можна будзе шляхам электроннай заявы. Гаворка ідзе пра тое, каб спосаб кантакту быў неадкладны. Гэта таксама дазволіць амбудсмэну неадкладна рэагаваць.

Караль Класоўскі (Karol Kłosowski) з Упраўлення чыгуначнага транспарту падкрэслівае, што ўпаўнаважаны па правах пасажыраў чыгункі будзе пасярэднікам паміж перавозчыкам і пасажырам: “Упаўнаважаны пакажа пасажыру накірунак адстойвання сваіх правоў у перавозчыка. Гэта ён пачне перамовы з чыгункай і будзе весці справу”.

Тэрмін паўнамоцтваў упаўнаважанага па правах пасажыра чыгункі будзе складаць 5 гадоў.


www.radyjo.net