Польшча ўзяла на сябе камандаванне «вастрыём NATO»

Польшча 1 студзеня ўзяла на сябе камандаванне так званым вастрыём NATO, гэта значыць сіламі вельмі высокай гатоўнасці, здольнымі да рэагавання на працягу некалькіх дзён.

nato_7.jpg

«Супольныя аператыўныя сілы вельмі высокай гатоўнасці (VJTF), гэта значыць наша вастрыё, гэта значны ўклад у супольную абарону і моцная прэзентацыя магчымасцяў Польшчы. Гэтыя сілы можна імгненна размяшчаць для абароны любой краіны-саюзніка перад любой пагрозай», – заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг.
Натаўскія сілы вельмі высокай гатоўнасці паклікалі ў адказ на расейскую анексію Крыма ў 2014 годзе. З моманту свайго заснавання яны функцыянуюць як элемент стратэгіі стрымлівання Расіі. У іх склад уваходзяць вайскоўцы падвышанай баявой гатоўнасці, дэлегаваныя на аснове ратацыі паміж дзяржавамі-чальцамі. Гэтыя вайскоўцы застаюцца ў месцах дыслакацыі, але яны павінны быць здольныя цягам 48-72 гадзін патрапіць у кожнае патрэбнае месца.
Па звестках NATO, у «вастрыё» ўваходзяць каля 6 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку каля 3 тысяч з Польшчы.
Паводле Радыё Рацыя