Польшча вылучыла больш за 460 мільёнаў еўра на кібервойскі
На працягу некалькіх гадоў польскія кібервойскі павінны налічваць не менш за тысячу чалавек.
Урад Польшчы мае
намер стварыць паўнавартасныя кібервойскі. З гэтай мэтай урад выдзеліў 2 мільярды
злотых (465 млн еўра). Пра гэта паведаміў міністр нацыянальнай бяспекі Польшчы
Антоні Мацеровіч, перадае Польскае радыё.
"Кібервойскі, працэс стварэння якіх пачаўся ў Польшчы, на працягу некалькіх гадоў павінны налічваць не менш за 1 тысячу салдат, здольных весці барацьбу ў кіберпрасторы", — сказаў Мацеровіч.
Ён адзначыў, што ў сучасным свеце кіберпрастора з'яўляецца полем вядзення ваенных дзеянняў "не менш, чым на сушы, моры, у паветры і ў космасе".
Па словах Мацеровіча, менавіта таму Польшча прыняла рашэнне, у прыватнасці, аб стварэнні кібервойскаў, а таксама аб павелічэнні паўнамоцтваў Нацыянальнага цэнтра крыптаграфіі, стварэння бюро ўпраўлення па арганізацыі кібернетычных войскаў і прызначэнне прадстаўніка Міністэрства нацыянальнай абароны па пытаннях кібербяспекі.
"Усе гэтыя рашэнні былі падмацаваныя вылучэннем 2 млрд злотых дзеля рэалізацыі задачы стварэння кібервойскаў", — дадаў міністр.
Ён паскардзіўся, што Міністэрства нацыянальнай абароны і іншыя ведамствы становяцца мэтамі нападаў "фабрык троляў" амаль кожны дзень.
"У ход ідуць любыя сродкі, дзякуючы якім можна маніпуляваць грамадскай думкай. З'яўляюцца нібыта праўдзівыя інтэрв'ю, запісы, нават кнігі, якія затым распаўсюджваюць як у краіне, так і ва ўсім свеце", — распавёў Мацеровіч.
Нагадаем, вясной у Германіі пачаў працу камандны цэнтр нямецкіх кібервойскаў (CIR). Ён размешчаны ў Боне. Кібервойскі ў ФРГ канчаткова выдзелілі ў асобны від — нароўні з сухапутнымі, ваенна-паветранымі і марскімі сіламі.
Паводле Корреспондент.net