Працоўных мігрантаў з Беларусі могуць вызваліць у Расіі ад іспыту па рускай мове

Адзінага меркавання пра тое, ці дазволіць грамадзянам Беларусі, Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі не здаваць у Расіі абавязковы комплексны экзамен для працоўных мігрантаў, пакуль няма, заявілі распрацоўнікі іспыту.  



c8i2spoqihq.jpg

"Няма сумневу ў тым, што грамадзяне гэтых дзяржаў павінны вызваляцца ад здачы рускай мовы. Пытанне —  ці павінны яны вызваляцца ад модуляў па гісторыі РФ і па асновах заканадаўства", — сказала прарэктарка Расійскага ўніверсітэту дружбы народаў, адна з распрацоўніц экзамену для мігрантаў Анжэла Должнікава ў сераду падчас слуханняў у Грамадскай палаце.
Паводле яе слоў, дыскусіі аб тым, ці трэба здаваць рускую мову беларусам, абхазцам і асецінам, працягваюцца, і адзінага меркавання ў гэтым пытанні пакуль няма. Должнікава адзначыла, што праціўнікі поўнай адмены комплекснага экзамену сцвярджаюць, што жыхары пералічаных краін па-іншаму вучаць гісторыю, і ім варта нагадаць законы РФ.
"Мы праводзілі аналіз падручнікаў гісторыі нашых сумежных дзяржаў у рамках падрыхтоўкі да правядзення гэтага іспыту. І вынік гэтага аналізу паказаў, што ў большасці падручнікаў нашых калег і суседзяў па савецкай прасторы сумесны перыяд пражывання ў рамках СССР трактуецца вельмі неадназначна і далёка не на карысць Расіі. Бываюць адыёзныя рэчы, якія прысутнічаюць у гэтых падручніках, але гэта пытанне дыскусійнае", — сказала Должнікава.
Чакаецца, што ў органы расейскай улады, якія распрацоўваюць папраўкі ў нарматыўныя акты аб здачы комплекснага экзамену, будзе накіраваны пакет рэкамендацый па выніках абмеркавання ў Грамадскай палаце.
Сенатар ад анексаванага ад Расеяй Севастопалю Андрэй Собалеў прапанаваў знізіць планку патрабаванняў на іспыце для грамадзянаў краін Еўразійскага эканамічнага саюзу.
Комплексны экзамен для мігрантаў з 1 студзеня 2015 года павінны ў абавязковым парадку здаваць усе замежнікі, якія хочуць легальна ўладкавацца ў Расіі на працу. Экзамен складаецца з трох модуляў — па расейскай мове, гісторыі Расеі і асновах расейскага заканадаўства.
Паводле belsat.eu