Правая партыя перамагла на выбарах у Грэцыі

Для «Новай Дэмакратыі» гэта ўжо другая перамога запар.

Прэм'ер Грэцыі. Фота: Reuters

Прэм'ер Грэцыі. Фота: Reuters

Праваліберальная партыя «Новая дэмакратыя» на чале з прэм'ер-міністрам Кірыякасам Міцотакісам упэўнена перамагла на нядзельных парламенцкіх выбарах, набраўшы больш за 40% галасоў, — але, магчыма, захоча правесці выбары яшчэ раз, каб заваяваць абсалютную большасць.
Па папярэдніх падліках, партыя Міцотакіса атрымала 40,8% галасоў, што дае ёй 145 мандатаў. Гэта крыху менш абсалютнай большасці ў 300-мясцовым парламенце Грэцыі.
Левая партыя "Сірыза", якую партыя Міцотакіса адхіліла ад улады па выніках мінулых выбараў, на гэты раз набрала ўсяго 20,1% галасоў.
55-гадовы Кірыякас Міцотакіс — выпускнік Гарварда, былы фінансіст — заваяваў папулярнасць сярод грэчаскіх выбаршчыкаў, у прыватнасці тым, што забяспечыў хуткае аднаўленне эканомікі пасля пандэміі: 8,3% росту ў 2021 годзе і 5,9% — у мінулым годзе.
У адносінах да вайны Расіі з Украінай урад Міцотакіса займае тую ж пазіцыю, што і ўвесь Еўрасаюз і большасць краін свету.
«Мы занялі бок. Безумоўна. Мы — з Украінай супраць пуцінскай агрэсіі», — сказаў Міцотакіс у мінулым траўні, выступаючы ў Кангрэсе ЗША.
«Ён не даб'ецца свайго. Ён не павінен дабіцца свайго, — сказаў тады Міцотакіс пра Пуціна. — Гэта трэба не толькі Украіне, гэта неабходна, каб паказаць усім аўтарытарным лідарам, што мы не пацерпім гістарычнага рэвізіянізму і актаў адкрытай агрэсіі ў парушэнне міжнародных нормаў».
У панядзелак, 22 траўня, прэзідэнт Грэцыі Кацярына Сакеларапулу павінна прапанаваць Кірыякасу Міцотакісу сфарміраваць кааліцыйны ўрад. Аднак грэцкія палітаглядальнікі мяркуюць, грунтуючыся на заяве Міцотакіса пасля выбараў, што ён упадабае давесці справу да яшчэ адных датэрміновых выбараў, каб атрымаць ужо абсалютную большасць у парламенце і сфармаваць аднапартыйны ўрад.
«Вынікі галасавання паказваюць, што ў „Новай дэмакратыі“ ёсць мандат ад народа на тое, каб кіраваць, цвёрда і самастойна», — заявіў Міцотакіс пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў.
Калі ні адна з партый у новым парламенце не зможа ў трохдзённы тэрмін сфарміраваць кааліцыю, прэзідэнт павінен будзе прызначыць часовы ўрад, які ўжо прыкладна праз месяц правядзе новыя выбары.
Кірыякас Міцотакіс — прадстаўнік цэлай дынастыі ў грэцкай палітыцы. Яго бацька, Канстанцінас Міцотакіс, быў прэм'ер-міністрам у 1990–1993 гг.
Сястра Кірыякаса, Дора Бакаяніс, была міністрам і мэрам Афін, а яе сын і пляменнік Кірыякаса Міцотакіса — цяперашні мэр сталіцы.
Сам Кірыякас Міцатакіс упершыню выбраўся ў парламент у 2004 годзе. У 2016-м ён узначаліў партыю «Новая дэмакратыя» і ў 2019-м упершыню прывёў яе да перамогі на выбарах і стаў прэм'ерам.