Праз пагрозу каронавіруса ў Літве аб'явілі экстрэмальную сітуацыю
Урад Літвы таксама пастанавіў стварыць Дзяржаўны аператыўны цэнтр экстрэмальных сітуацый, які цяпер будзе каардынаваць ўсе дзеянні. Гэты цэнтр узначаліў міністр аховы здароўя Аўрэліюс Вярыга.
Віцэ-міністр аховы здароўя Альгірдас Шэшальгіс сказаў, што рашэнне было неабходна ў сувязі з ростам колькасці тых, хто заразіўся вірусам COVID-19, і распаўсюджваннем яго ў Еўропе.
Паводле яго слоў, абвяшчэнне рэжыму экстрэмальнай сітуацыі дазволіць спрасціць выкарыстанне дзяржаўнага рэзерву для кантролю над сітуацыяй, набыццё розных сродкаў без конкурсных закупак, а таксама дасць магчымасць прымаць абавязковыя да выканання распараджэнні адносна міграцыі з пэўных дзяржаў або рэгіёнаў у Літву і з яе.
Паводле апошніх дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць тых, хто заразіўся на новы вірус COVID-19, у свеце перавысіла 80 тысяч, памерла амаль 2,7 тысячы чалавек. Вірус ужо распаўсюдзіўся на 28 краін і выклікае ўсё больш асцярог з-за новых ачагоў у Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў Азіі. У Паўночнай Італіі зарэгістравана больш за 300 выпадкаў заражэння, памерла дзесяць чалавек, краіна абвясціла пра абмежаванні перамяшчэння ў 11 гарадах.
Таксама сёння стала вядома пра новыя пацвярджэнні віруса ў траіх расіян.
Паводле delfi.lt