МЗС не бачыць падстаў для забароны ўезду ў Беларусь грамадзянам Кітая

На сайце Petitions.by у пачатку лютага збіралі подпісы за забарону ўезду ў Беларусь грамадзянам Кітая ў сувязі ў каронавіруснай інфекцыяй COVID-19. За тры дні набралі 698 подпісаў. На зварот 26 лютага адказала Міністэрства замежных справаў Беларусі, паведамляе svaboda.org

virus_pic4_zoom_1500x1500_71433.jpg


Начальнік Галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Аляксандар Хайноўскі піша ў адказе, што такія рэчы робяцца на падставе аналізу рызыкаў, які праводзіць Міністэрства аховы здароўя. А Мінздароўя ў сваю чаргу перадала МЗС, што:
На дадзены момант Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) не рэкамэндуе ўводзіць абмежаванні на паездкі і гандаль з Кітаем і іншымі краінамі, дзе зафіксавалі выпадкі COVID-19.
Даследаванні WHO гэтай і папярэдніх успышак захворванняў паказваюць, што забарона на перасоўванне людзей не можа істотна паўплываць на распаўсюд хваробы, а толькі змяшчаюць час піку інфектавання. Праз 10 дзён пасля пачатку распаўсюду інфекцыі такія захады неэфектыўныя.
На тэрыторыях, дзе зарэгістравалі найбольш выпадкаў COVID-19 (у прыватнасці, правінцыі Хубэй і горадзе Ухань у Кітаі) і так уведзеныя абмежавальныя захады, спыненае авіяспалучэнне.
У Беларусі ладзяць свае проціэпідэмічныя захады. Так, у Нацыянальным аэрапорце праводзяць двайны кантроль людзей, якія прыбываюць з Кітаю, з выкарыстаннем цеплавізараў і лабараторных абследаванняў, а пасля прылёту ладзяць 14-дзённае медычнае назіранне.
Працаўнікоў з Кітаю перавозяць і размяшчаюць ва ўмовах мінімальных кантактаў з навакольнымі, таксама ладзяць медычнае назіранне. Кітайскіх студэнтаў, якія вярнуліся з зімовых вакацыяў, змясьцілі для часовага пражывання ў асобных установах (аздараўленчых комплексах).
Зварот таксама накіроўвалі ў адміністрацыю прэзідэнта, адказу ад яе пакуль не было. На іншы зварот на тую ж тэму, які высылалі толькі ў адміністрацыю прэзыдэнта, з МЗС выслалі той жа адказ Хайноўскага.
Раней Дэпартамент авіяцыі Мінтранспарту адказаў адмовай на зварот з просьбай закрываць авіяспалучэнне з Кітаем — кажуць, пераарыентаванне пасажыраў на іншы транспарт пацягне дадатковыя рызыкі.