Гамельчукі супраць новага флагштоку, на які выдаткуюць паўтара мільёна рублёў
На сайце petitions.by распачаўся збор подпісаў супраць усталявання ў цэнтры Гомля флагштоку. Ініцыятары петыцыі лічаць, што ініцыятыва не толькі памылковая, але і шкодная з увагі на шэраг прычынаў. Пра гэта піша Белсат.
Перад будынкам Галоўпаштамта і аблдрамтэатру ў Гомлі ўжо актыўныя вядуцца будаўнічыя працы па ўзвядзенню новага флагштока для дзяржаўнага сцягу. Паведамляецца, што флагшток будзе мець 60 метраў у вышыню.
У сваю чаргу актывісты з Гомлю лічаць, што будаўніцтва распачалося без дыялогу паміж гарадскімі ўладамі і гараджанамі.
Незадаволенасць у гамельчукоў выклікае і каштарыс будаўніцтва. Паводле тэндару, на стварэнне флагштоку і добраўпарадкаванне тэрыторыі прадугледжана Br 1 459 797, ці прыкладна 656 тысячаў долараў ЗША. Стваральнікі петыцыі нагадваюць, што ў Гомлі на плошчы Леніна ўжо ёсць тры флагштокі.
«Узровень патрыятызму сярод нас не павялічваецца толькі з вышынёй размяшчэння дзяржаўнага сцягу. Да таго ж, як ужо было заўважана вышэй, на плошчы Леніна ўжо маюцца тры флагштокі з гербам гораду, вобласці і дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь», – адзначаецца ў тэксце петыцыі.