Праз пяць гадоў Польшча стане незалежнай ад расійскага газу

Кіраўнік МЗС Польшчы паведаміў, што яго краіна на працягу бліжэйшых гадоў знізіць залежнасць ад паставак расейскага газу. Закупляць газ у Масквы Варшава гатовая толькі па канкурэнтнай цане.

Танкер са звадкаваным газам з Катара прыбывае ў польскі порт (фота з архіва)

Танкер са звадкаваным газам з Катара прыбывае ў польскі порт (фота з архіва)

Польшча на працягу бліжэйшых гадоў разлічвае стаць цалкам незалежнай ад расійскага газу. Пра гэта ў панядзелак, 7 жніўня, у інтэрв'ю газеце "Коммерсант" заявіў кіраўнік польскага МЗС Вітальд Вашчыкоўскі. Паводле яго слоў, Польшча ўжо імпартуе газ з іншых рэгіёнаў, напрыклад, з Катара, а таксама з ЗША.

Ён падкрэсліў, што Польшча ў чэрвені прыняла адзін танкер з ЗША, і цяпер чакае прапаноў ад амерыканцаў па цане. Акрамя таго, краіна падпісала пагадненне з Даніяй і Нарвегіяй, каб пабудаваць Baltic Pipe. Паводле яго слоў, траціну патрэбаў у паліве Польшча здольная забяспечыць уласным газам, іншую траціну разлічвае атрымліваць праз тэрмінал па прыёме звадкаванага прыроднага газу (СПГ), а рэшту — па газаправодзе з Нарвегіі.

"Гэта значыць, што гадоў праз пяць мы будзем як мінімум менш залежныя ад расійскага газу, а магчыма, і зусім незалежныя ад яго", — дадаў кіраўнік МЗС краіны. Пры гэтым ён адзначыў, што Польшча гатовая і далей купляць газ у Расіі, але толькі па канкурэнтнай цане.

Бягучы кантракт на пастаўкі расійскага газу ў Польшчу дзейнічае да 2022 года.

Паводле www.dw.com