Расія. Яшчэ адзін прысуд за абразу пачуццяў вернікаў
Жыхара Сочы асудзілі за абразу пачуццяў вернікаў. Ён парушыў дагмат 787 года, бо перапосціў карыкатуру на Хрыста.
Жыхар Сочы Віктар Начаўноў прызнаны вінаватым ў абразе пачуццяў вернікаў (артыкул
148 КК) за перапост на сваёй старонцы ў сацсетцы «ВКонтакте» сямі карыкатур з
выявай Ісуса Хрыста.
Міравы суддзя, які разглядаў справу, прысудзіў Начаўнова да штрафу ў 50 тысяч рублёў, паведаміў «Інтэрфаксу» адвакат падсуднага Аляксандр Папкоў.
Начаўноў абвінавачваўся ў тым, што з кастрычніка 2014-га па жнівень 2015 года ў дні хрысціянскіх святаў рэпосціў карыкатуры, на якіх Ісус Хрыстос, у прыватнасці, быў выяўлены танцуючым на стадыёне або постаццю, што вісіць на турніку, а таксама ў выглядзе цяжкаатлета на фоне алімпійскіх кольцаў.
Сведкам па справе, распавёў адвакат, выступіў настаяцель Князь-Уладзімірскага храма Сочы Андрэй Дуброўскі. Святар заявіў, што расцэньвае карыкатуры як блюзнерства, правакацыю і абразу пачуццяў вернікаў, і спаслаўся на ўсталяваны ў 787 годзе дагмат Усяленскай хрысціянскай царквы — іконапачытанне, паведаміў Папкоў.
Начаўноў, заявіў адвакат, не прызнае сваю віну. «Пасля атрымання тэксту рашэння суда на рукі будзем рыхтаваць апеляцыю, абскарджваць гэты прысуд», — сказаў ён. Да ўступлення прысуду ў сілу, дадаў Папкоў, з яго падабароннага ўзятая падпіска аб нявыездзе.
Артыкул 148 («Парушэнне права на свабоду сумлення і веравызнанняў») была дададзеная ў Крымінальны кодэкс Расіі ў 2013 годзе пасля працэсу над удзельніцамі групы Pussy Riot. Прысуд тром удзельніцам Pussy Riot за «панк-малебен» у храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве быў вынесены ў 2012 годзе па артыкуле «Хуліганства». Максімальная санкцыя па артыкуле 148 КК — адзін год пазбаўлення волі.
Найбольш рэзананснай за апошні час справай, у якой фігуравала абвінавачванне ў абразе пачуццяў вернікаў, быў працэс над блогерам з Екацярынбурга Русланам Сакалоўскім. Яго прысудзілі да трох з паловай гадоў умоўна за гульню “Pokemon Go” ў Храме-на-Крыві.
Паводле meduza.io