Прэм'ер-міністра Эстоніі Каю Калас заклікаюць сысці з пасады з-за бізнесу мужа
Прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас выступае за разрыў усіх сувязяў з Расіяй. Але ў кампаніі яе мужа знайшлі там бізнес. Распачаўся скандал, кіраўніка ўрада заклікаюць падаць у адстаўку.
Днямі стала вядома, што транспартная кампанія, якая часткова належыць мужу прэм'ер-міністра Эстоніі Каі Калас Арва Холіку працягвала працаваць у кірунку Расіі падчас вайны ва Украіне. Калас адзначыла, што ў мужа няма кліентаў з ліку прадпрымальнікаў Расійскай Федэрацыі, і што кампанія, пра якую ідзе гаворка, дапамагае аднаму з эстонскіх кліентаў спыніць вытворчую дзейнасць у Расіі.
Прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс запатрабаваў тлумачэнняў ад прэм'ер-міністра краіны Каі Калас, а апазіцыйныя партыі заклікалі яе сысці ў адстаўку пасля таго, як стала вядома, што кампанія яе мужа вядзе прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаную з Расіяй, піша Meduza.
Прэзідэнт Алар Карыс, у прыватнасці, заявіў, што Кая Калас як прэм'ер-міністр абавязаная растлумачыць грамадскасці сутнасць скандалу вакол прадпрымальніцкай дзейнасці яе мужа: «Крыху сумна казаць пра гэта, паколькі сёння мы адзначаем Дзень незалежнасці Украіны, але я думаю, што грамадскасць чакае тлумачэнняў ад прэм'ер-міністра. І пасля гэтага ёй, напэўна, прыйдзецца падумаць самой і пагаварыць са сваімі дарадцамі аб тым, якія будуць далейшыя дзеянні», — сказаў Карыс.
Кая Калас падкрэсліла, што яна прэм'ер-міністр, а не прадпрымальнік, і яна не займаецца бізнесам мужа, а ўсе пытанні павінны быць адрасаваныя кампаніі Stark Logistics.
Эстонскія СМІ 24 жніўня паведамілі, што транспартная кампанія Stark Logistics, якая часткова належыць мужу Каі Калас, працягвае ажыццяўляць перавозкі ў Расію падчас вайны ва Украіне.
На гэта ў Stark Logistics распавялі, што да вайны штомесяц здзяйснялі 60-70 перавозак у Расію і назад, але цяпер у іх засталася прыкладна адна-дзве перавозкі на тыдзень. Усе гэтыя перавозкі звязаны з адзіным кліентам — эстонскім прадпрыемствам AS Metaprint, адным з найбуйнейшых вытворцаў сталёвай аэразольнай упакоўкі ў Еўропе. У кампаніі ёсць заводы ў Эстоніі, Нідэрландах і Расіі.
AS Metaprint знаходзіцца ў стадыі спынення свайго бізнесу ў Расіі, а Stark Logistics толькі выконвае абавязацельствы па ўжо падпісаных з ёй дамовах і не парушае якіх-небудзь санкцый Еўрасаюза, сцвярджалі ў лагістычнай кампаніі.
Пры гэтым, адзначае Delfi, у 2022-2023 гадах Stark Logistics зарабіла на пастаўках для Metaprint блізу 1,5 мільёна еўраў. З дэкларацыі Каі Калас вынікае, што яна інвеставала ў бізнес свайго мужа — пазычыла яго фірме 350 тысяч еўра.
Што тычыцца Metaprint, з апошняй гадавой справаздачы яе расійскага партнёра ТАА «Аэропром» не ствараецца ўражанні, што ў кампаніі былі планы па закрыцці — наадварот, яна хацела пашырыць дзейнасць, піша ERR.
Многія вядучыя выданні Эстоніі выступілі з крытыкай прэм'ера. Калас, якая выступае за разрыў усіх сувязяў з краінай-агрэсарам, папракнулі ў тым, што яе словы разыходзяцца з рэальнымі дзеяннямі.
На прэс-канферэнцыі Кая Калас заявіла, што заўсёды падзяляла працу і сямейнае жыццё, што яна не мае дачынення да прадпрымальніцкай дзейнасці свайго мужа і не цікавілася дэталямі яго бізнесу.
Прэм'ер-міністр адзначыла, што адразу пасля пачатку вайны ва Украіне бачыла этычную праблему ў камерцыйнай дзейнасці Stark Logistics у Расіі. Паводле яе слоў, праз месяц пасля пачатку вайны яе муж спыніў якую-небудзь дзейнасць у Расіі і не аказвае там лагістычных паслуг.
У Stark Logistics, у сваю чаргу, заявілі, што лічылі сваю працу з эстонскім кліентам на расійскім кірунку правільнай, але цяпер разумеюць, што для многіх эстонцаў гэтая дзейнасць здаецца амаральнай. Кампанія паабяцала спыніць усе перавозкі ў Расію ў верасні.
Чалец парламенцкай камісіі па дзяржаўнай абароне Райманд Кальюлайд у сераду адзначыў, што цяпер гаворка ідзе пра давер да Эстоніі і яе міжнароднага аўтарытэту.
Кая Калас на прапанову сысці ў адстаўку заявіла Delfi наступнае: «Апазіцыя робіць сваю працу. Натуральна, яны пачулі пах крыві. Адразу ж павыскаквалі шакалы. Я насамрэч не ведаю, якія непасрэдна да мяне папрокі і ў чым мяне абвінавачваюць. Я не зрабіла нічога няправільнага. Мой муж не зрабіў нічога няправільнага».