Прэм'ер Крыма звярнуўся да Пуціна па дапамогу «ў забеспячэнні міру»

«Як старшыня Савета міністраў Аўтаномнай Рэспублікі Крым, я рэалізую паўнамоцтвы, ускладзеныя на мяне Вярхоўнай радай АР Крым, прымаю рашэнне аб часовым перападпарадкаванні злучэнняў і частак сілавых структур МУС, СБУ, Узброеных сілаў, МНС, флота, падатковай службы, памежнікаў непасрэдна мне. Усім камандзірам выконваць толькі мае загады і распараджэнні, нязгодных прашу пакінуць службу», — заявіў Сяргей Аксёнаў, абраны прэм'ерам Крыма на паседжанні 27 лютага, у захопленым узброенымі людзьмі будынку парламента аўтаноміі.



rasiejcy_u_krymie.jpg

У аэрапорце Сімферопаля: Узброеныя вайскоўцы ў форме і са зброяй, якія супадаюць з наяўнымі ў расійскай арміі, а побач з імі з георгіеўскай стужкай — удзельнік «атрада самаабароны рускіх Крыма». Фота Ройтэрз.
«Зыходзячы з вышэй сказанага, разумеючы сваю адказнасць за жыццё і бяспеку грамадзян, я звяртаюся да прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна аб аказанні садзейнічання ў забеспячэнні міру і спакою на тэрыторыі АР Крым», — цытуюць зварот С.Аксёнава расійскія інфармацыйныя агенцтвы.
«Прызначэнне на пасаду кіраўніка крымскай міліцыі Ігара Авруцкого, а таксама наяўнасць на тэрыторыі аўтаноміі неапазнаных узброеных груп, баявой тэхнікі і няздольнасць сілавых структур, размешчаных у АРК, эфектыўна кантраляваць сітуацыю на тэрыторыі рэспублікі, выклікалі беспарадкі з ужываннем агнястрэльнай зброі», — гаворыцца ў заяве.
Паводле законаў Украіны, сілавыя структуры падпарадкоўваецца цэнтральнай уладзе, аўтаномія і рэгіёны не маюць права падпарадкоўваць войска, флот і СБУ. Заява Аксёнава можа трактавацца як узброены мяцеж.
Аднак цэнтральныя ўлады краіны наўрад ці здольныя ажыццявіць свае паўнамоцтвы ў Крыме, бо часткі Чарнаморскага флота маюць значную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы. Акрамя таго, 26—28 лютага ўзброеныя людзі без апазнавальных знакаў, імаверна, расійскі спецназ, захапілі аэрапорты, інфраструктуру і ўзялі пад кантроль дарогі.
Прэзідэнт ЗША Абама на спецыяльным брыфінгу ў Вашынгтоне заявіў, што за любое збройнае ўмяшанне Расіі ў Крыме давядзецца заплаціць. 
nn.by