Прэзідэнт Сербіі прызнаў страту кантролю над Косава

Сербіі неабходна прызнаць факт, што Бялград ня валодае якім-небудзь кантролем над Косава. Пра гэта ў выступе перад членамі сербскага парламента заявіў прэзідэнт краіны Аляксандр Вучыч, перадае РТС.

2018_03_27t132719z_977812199_rc1e262c26c0_rtrmadp_3_kosovo_government_serbs.jpg

Прэзідэнт Сербіі выступіў на спецыяльнай сесіі парламента, прысвечанай праблеме ўзаемаадносінаў з Косава. Падчас выступлення ён заклікаў дэпутатаў да выбару паміж «салодкай хлуснёй і горкай праўдай». «Без гэтага мы не даведаемся рэальнае становішча спраў у Косава, у Метохіі, хто імі кіруе і якое становішча сербаў у Косава і Метохіі», — сказаў Вучыч. Неабходна таксама прызнаць, падкрэсліў ён, што Сербія пацярпела буйную нацыянальную паразу, страціла тэрыторыю і панесла значныя эканамічныя страты.
«Я вырашыў не працягваць хлусню і самападман, я сказаў усім, што няма ўлады Сербіі, няма нашага ўрада ў Косава і Метохіі, што вельмі важна для аховы здароўя і адукацыі, і мы павінны спыніць падманваць нашу ўласную грамадскасць», — сказаў Вучыч.
Па словах сербскага лідэра, існуе два сцэнары рашэння косаўскай праблемы. Першы — гэта захаванне статус-кво і «замарожаны канфлікт». Другі — нармалізацыя адносін паміж Бялградам і Прышцінай. Вучыч падкрэсліў, што сам выступае за другі шлях.

Паводле nn.by