Прэзідэнт Туркменістана ўзнагародзіў сына медалём імя свайго бацькі
Сын прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава Сердар быў узнагароджаны медалём "Мялікгулы Бердымухамедаў" за заслугі перад Бацькаўшчынай разам з работнікамі сілавых ведамстваў.

Сердар Бердымухамедаў атрымаў медаль імя свайго дзеда. Фота: hronikatm.com
Уручэнне медалёў імя Мялікгулы Бердымухамедава, бацькі прэзідэнта рэспублікі Гурбангулы Бердымухамедава, работнікам сілавых ведамстваў адбылося 27 кастрычніка, у Дзень незалежнасці Туркменістана. У ліку ўзнагароджаных апынуўся сын Гурбангулы маёр Сердар Бердымухамедаў, піша gordonua.com са спасылкай на "Хроніку Туркменістана".
Выданне адзначыла, што дзяржінфармагенцтва ТДХ ня ўказала Сердара ў спісе асоб, якія атрымалі ўзнагароду.
Па дадзеных агенцтва "Фергана", Сердар Бердымухамедаў — адзіны сын прэзідэнта і, па неафіцыйных дадзеных, рыхтуецца да ролі пераемніка бацькі. Дзяржаўныя СМІ Туркменістана шырока асвятляюць дзейнасць Сердара.
Сын прэзідэнта вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Расіі. Пасля яе заканчэння працаваў у кіраўніцтве дзяржагенцтва па кіраванні і выкарыстанні вуглевадародных рэсурсаў пры прэзідэнце Туркменістана. Сердар Бердымухамедаў таксама працаваў памочнікам пракурора, быў кіраўніком дэпартамента ў МЗС, абіраўся дэпутатам парламента рэспублікі.
У верасні 2016 года Меджліс Туркменістана прыняў новую канстытуцыю, якая адмяняе абмежаванне па ўзросце ў 70 гадоў для абрання прэзідэнтам краіны і павялічвае тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы да сямі гадоў.
На выбарах прэзідэнта Туркменістана, якія прайшлі 12 лютага 2017 года, перамогу з 97,69% атрымаў дзеючы кіраўнік дзяржавы Бердымухамедаў. Яўка склала 97,27% выбаршчыкаў.