Прэзідэнт ЗША абмеркаваў Украіну з сусветнымі лідарамі. Іх пазіцыі нязменныя
Сусветныя лідары выказваюць глыбокую заклапочанасць парушэннем Расіяй міжнароднага права і пацвярджаюць падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-службы Белага дому пра вынікі тэлефонных размоваў прэзідэнта ЗША Барака Абамы з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмеранам, прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам, прэм’ер-міністрам Італіі Матэа Рэнцы.
«Сусветныя лідары далі ясна зразумець, што працяг парушэнняў Расеяй міжнароднага права ізалюе яе ад міжнароднай супольнасці», — гаворыцца
ў заяве.
Абама таксама правёў сумесную тэлефонную канферэнцыю з прэзідэнтам Латвіі Андрысам Берзіншам, прэзідэнтам Літвы Даляй
Грыбаўскайтэ, прэзідэнтам Эстоніі Томасам Ільвесам. Прэзідэнт пацвердзіў прыхільнасць ЗША да абароны сваіх саюзнікаў у межах
Паўночнаатлантычнай дамовы. З боку кіраўнікоў Балтыйскіх краінаў была выказана падзяка за дадатковую падтрымку спецыяльнай місіі супрацьпаветранай абароны НАТА па назіранні
за паветранай прасторай краінаў Балтыі.
Лідары сышліся ў меркаванні аб патрабаванні да Расеі вывесці свае войскі назад у базы, дапусціць міжнародных назіральнікаў і праваабаронцаў на Крымскі
паўвостраў і хутка дамовіцца аб фармаванні кантактнай групы, якой будзе даручана весці дыялог паміж Украінай і Расеяй для дээскалацыі сітуацыі і аднаўлення
тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны.
Кіраўнікі саюзных дзяржаваў адкінулі Прапанаваны рэферэндум у Крыме як парушэнне канстытуцыі Украіны і падкрэслілі, што ўсе рашэнні адносна Крыму павінны ўзгадняцца
з урадам у Кіеве.