У Крыме заблакаваны другі аэрадром
У Джанкое вайскоўцы без апазнавальных знакаў занялі кантрольна-прапускны пункт ваеннага аэрадрома і аб'екты вайсковай часткі А1387.
Пра гэта ў эфіры 5 канала паведаміў намеснік камандзіра ў вайсковай частцы Міхаіл Трацяк, перадае Еспресо TV.
«Цяпер знаходзяцца ў нас вайскоўцы без апазнавальных знакаў. Адзін „КамАЗ“ — каля 15 чалавек — дакладна не вядома.
Кантралююць КПП і некаторыя аб’екты часткі», — сказаў ён.
Паводле Трацяка, іх задача — «выключэнне правакацый і забеспячэнне стабільнасці на аэрадроме».
«Ніякіх патрабаванняў няма. Яны дзейнічаюць па камандзе, гэта значыць калі яны адсюль паедуць — інфармацыі такой — няма. Аэрадром прызначаны для прыёму ваенных самалётаў. Можа прымаць самалёты тыпу ІЛ — 76», — адзначыў Трацяк. Цяжкімі самалётамі ІЛ 76 карыстаецца не толькі ўкраінская, але і расійская армія.
Раней узброеныя вайскоўцы заблакавалі працу аэрадрома Бэльбэк.