Брэсцкія ўлады забаранілі запланаванае на 10 сакавіка шэсце ў знак салідарнасці з украінскім народам

Мерапрыемства, для ўдзелу ў якім было заяўлена не больш за 15 чалавек, меркавалася правесці з 12.00 да 13.00 па праспекце Машэрава і вуліцы Леніна да цэнтральнай плошчы горада.



ukraina_1.jpg

Як паведаміў заяўнік акцыі, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек, з адказу гарвыканкама вынікае, што маршрут шэсця праходзіць бліжэй чым за 50 метраў ад адміністрацыйных будынкаў, а гэта забаронена законам “Аб масавых мерапрыемствах”.

Актывіст АГП нагадаў, што з аналагічнай матывіроўкай мясцовыя чыноўнікі не дазволілі правесці шэсце ў падтрымку Еўрамайдана 21 снежня мінулага года.

Уладзімір Вуек расцэньвае гэтыя забароны як парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян на мірныя сходы, пікеты, вулічныя шэсці і свабоднае выказванне меркавання. “Мы маем намер абскардзіць рашэнне гарвыканкама па нашай заяўцы на акцыю 10 сакавіка і будзем спасылацца на тое, што ў 2013 годзе брэсцкія ўлады дазволілі прадстаўнікам дэмакратычных сіл правесці па такім самым маршруце першамайскую дэманстрацыю, у якой тады прынялі ўдзел больш за сто чалавек”, — адзначыў кіраўнік абласной арганізацыі АГП.

spring96.org