Прэзідэнта Бразіліі хочуць судзіць у міжнародным судзе

Прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару, прадстаўнік правых папулістаў, адназначна трапіць у гісторыю. Не прайшоў і год пасля яго інаўгурацыі, як Балсанару вырашылі асудзіць у міжнародным крымінальным судзе.

s4l0otdmyaxwekbsiledtevrivoo4jcr_747o9.jpg

Адпаведны намер мае група праваабаронцаў і сем былых бразільскіх міністраў. Яны ўжо пачалі падрыхтоўку матэрыялаў, якія сведчаць, што Балсанару займаецца сістэматычным арганізаваным пераследам бразільскіх індзейцаў. У прыватнасці, ён неаднаразова ганьбіў карэнных жыхароў Бразіліі, параўноўваў іх з «жывёламі ў заапарках» і «дагістарычнымі людзьмі». У часы Балсанару практычна спыніла дзейнасць дзяржаўнае агенцтва, якое абараняе правы 300 плямёнаў Бразіліі. Дзеючы гарант таксама дазволіў фірмам, якія здабываюць карысныя выкапні, працаваць на землях індзейцаў.

«Мы лічым, што тут прысутнічаюць элементы дзейнасці, якія можна характарызаваць як генацыд, паколькі ў выніку разбураецца традыцыйны лад жыцця насельніцтва», — заявіў былы міністр юстыцыі, адзін з сябраў групы, што вырашыла асудзіць Балсанару.

Пакуль офіс прэзідэнта не каментуе сітуацыю, аднак відавочна, што рэакцыя можа быць феерычнай. Раней Балсанару, якога вінавацяць у пажарах у Амазонскім рэгіёне, перавёў абвінавачванні на амерыканскага акцёра Леанарда Дзі Капрыа. З заявы прэзідэнта можна зразумець, што актор фінансаваў злачынцаў, якія стаяць за падпаламі.