Расія. У Цверы з былога будынка НКУС знялі памятныя дошкі пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

У Цверы дэмантавалі мемарыяльныя дошкі ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій, якія амаль 30 гадоў віселі на былым будынку НКУС.

Фота з фэйсбука Арцёма Важанкова

Фота з фэйсбука Арцёма Важанкова


Мемарыяльныя дошкі амаль 30 гадоў таму былі ўсталяваныя на будынку НКУС, у якім цяпер месціцца корпус Цвярскога медыцынскага ўніверсітэта. Цяпер дошкі знялі. Пра гэта паведаміў актывіст Арцём Важанкоў, піша meduza.io.

На адной з дошак было пазначана: «У памяць пра закатаваных. Тут у 1930–1950-я гады знаходзілася ўпраўленне НКУС-МГБ па Калінінскай вобласці і ўнутраная турма». На другой — «Памяці палякаў з лагера Асташкаў, забітых НКУС у Калініне дзеля засцярогі свету».

Мемарыяльныя дошкі дэмантавалі па патрабаванні пракуратуры, якая вырашыла, што іх ўсталявалі незаконна. Ведамства таксама палічыла, што інфармацыя на дошцы ў памяць пра забітых палякаў не адпавядае рэчаіснасці.

Мемарыяльная дошка «ў памяць пра закатаваных...» была ўсталяваная ў 1991 годзе па прапанове Цвярскога аддзялення «Мемарыяла», а шыльда памяці палякаў... — у 1992 годзе па ініцыятыве польскай арганізацыі «Катынская сям'я».


У гады палітычных рэпрэсій у Цвярской вобласці загінулі больш за пяць тысяч мясцовых жыхароў. Паводле інфармацыі «Мемарыялу», мясцовыя органы НКУС у красавіку-траўні расстралялі ў сваёй унутранай турме 6295 польскіх ваеннапалонных. Гэтую лічбу ў 1991 годзе называў былы начальнік абласнога ўпраўлення НКУС Дзмітрый Токараў.